Блізкаўсходнія пацеркі маюць паходжанне з Сірыі і Егіпта. Сірыйскія пацеркі адрозніваюцца тэхналогіяй вырабу — яны вырабляліся з цягнутых ці кручаных трубачак. Акрамя таго, для іх характэрны акрэслены набор дэкаратыўных прыёмаў, перш за ўсё разнастайныя вочкі (аднаколерныя, шматколерныя, у «вейках», у петлях), васьмёркі, фестоны, плямы, роўныя і хвалістыя лініі, накладныя ніці, выкарыстанне залатой і срэбранай фальгі (пацеркі з металічнай пракладкай). Шкло пацеркаў празрыстае, паўпразрыстае і непразрыстае.1 (ст. 32)
У 1-й пал. X ст. былі распаўсюджаны цыліндрычныя, зонныя і кольцападобныя дробныя пацеркі, ці бісер, лімонкі і лімонападобныя пранізкі, а таксама дробныя, рабрыстыя, дробныя і сярэднія. Усе яны без дэкора, у адзін колер (жоўты, зялёны, сіні, шэры), непразрыстыя ці паўпразрыстыя. Таксама вядомы і шарападобныя сярэднія пацеркі з лінейным дэкорам, з «вочкамі» і завіткамі і верацянопадобныя з дэкорам.1 (ст. 32)
У 2-й палове X — пач. XI ст. па-ранейшаму шмат распаўсюджаны бісер. Ён стаў вырабляцца па спрошчанай тэхналогіі, якая выключала аплаўленне краёў. Звузіўся набор колераў, сярод якіх пераважвае жоўты. Вельмі часта сустракаюцца лімонкі і лімонападобныя пацеркі, дробныя і сярэднія, залачоныя і срэбныя, жоўтыя, сінія, зялёныя. Форму і памеры лімонак маюць паласатыя пацеркі — шэрыя непразрыстыя з прамымі паралельнымі палоскамі чырвонага, жоўтага, сіняга, белага і чорнага колеру. У набор пацеркаў 2-й половы X ст. уваходзяць таксама дынепадобныя (рабрыстыя з шыйкаю) сярэдняга памера, непразрыстыя, празрыстыя напалову і празрыстыя. Значную групу складаюць рабрыстыя залачоныя пацеркі цыліндрычнай формы сярэдняга памера, дзе фальга пакрывая пацерку на ўсю вышыню. Распаўсюджпны таксама цыліндрычныя, зонныя і кольцападобныя сярэднія, зробленыя з трубачак, шляхам навівання шкляной стужкі вакол стрыжня. Яны бываюць чырвоныя, жоўтыя, зялёныя, непразрыстыя.1 (ст. 32)
Егіпецкія пацеркі выраблены з шкляных палачак. Яны адрозніваюцца выкарыстаннем усіх відаў складанай мазаічнай тэхнікі (рознакаляровыя стужкі, поласы, кольцы, аб'яднаныя ў складаныя кампазіцыі тыпу шахматнага ўзору і разетак). Шкло, як правіла, непразрыстае. Таксама егіпецкімі па паходжанню лічацца цыліндрычныя пацеркі і гранёные з невыразнымі гранямі.1 (ст. 32)
Візантыйскія пацеркі Ужо ў X ст. вылучаецца група вельмі характэрных візантыйскіх пацерак — золата- і срэбрнашкляных, бочачкападобнай і цыліндрычнай формы, дробных і сярэдніх. Яны вырабляліся з выкарыстаннем залатой і срэбранай фальгі, якая накладывалася на пацерку а затым замацоўвалася слоем празрыстага бесколернага шкла. У адрозненне ад аналагічных блізкаўсходніх узораў — фальга пакрывае пацерку не на ўсю вышыню, не захопваючы краю, вельмі часта бачны стык краёў фальгі.1 (ст. 32)
У адрозненне ад блізкаўсходніх візантыйскія пацеркі вырабляліся індывідуальна, шляхам навівання шкляной масы на стрыжань. Існавала і іншая тэхналогія, якая дазваляла вырабляць не адну пацерку, а некалькі, але яна выкарыстоўвалася рэдка, стала заўважнай у XI ст. і суіснавала з традыцыйнай тэхналогіяй. Пацеркі візаныйскага паходжання адрознівае таксама колеравая гама і дэкор. Да ліку візантыйскіх адносяцца амаль ўсе пацеркі сіняга колеру, характэрнымі з'яўляюцца таксама жоўта-зялёны, светла-шэры, жоўты і чорны колеры. Пацеркі дэкараваліся белымі ромбамі, фестонамі, ніцямі і «вочкамі». Дэкор выкананы роспісам фарбамі і золотам з дапамогай штампа, налажэннем каляровых шкляных дэталяў, выкарыстоўвалася залатая і срэбная фальга. Шкло ў асноўным празрыстае, аднак сустракаюцца і пацеркі з непразрыстага шкла чорнага, цёмна-чырвонага, жоўтага, зялёнага, блакітнага колераў з накладным шкляным дэкорам (вочкі, валікі, ніці) жоўтага, белага, чырвонага колеру. Геаметрычная форма адрозніваецца выразнасцю.1 (ст. 32)
У канцы X — пач. XI ст. з'яўляюцца лімонкі і паласатыя пацеркі, якія вырабляліся індывідуальна, шляхам навіўкі, у адрозненне ад так званых класічных, якія вырабляліся серыйна з трубачкі. Для іх фармоўкі выкарыстоўвалі абцугі складанага профіля, якія стваралі як форму пацеркі, так і яе шыйку.1 (ст. 32)
У XI ст. узнікае вельмі шмат золата- і срэбрнашкляных візантыйскіх пацерак рознай формы — бочачкападобных, цыліндрычных, бітрапецыяпадобных, рабрыстых. Золаташкляныя пацеркі вельмі характэрны для курганаў Паўднёвай Беларусі, Беларускага Пабужжа і Верхняга Панямоння. Па назіраннях А.В. Успенскай, для Паўднёвай Беларусі вельмі частым з'яўляецца спалучэнне металічных, сердалікавых і золаташкляных пацерак.1 (ст. 33)
Вельмі характэрныя візантыйскія пацеркі — так званыя беларамбічныя — сінія дробныя біканічныя і сінія сярэднія прызматычныя (чатырохгранныя), дэкараваныя белымі ромбамі. Іх датуюць XI ст. Часта сустракаюцца буйныя рабрыстыя і сярэднія бугрыстыя пацеркі пераважна сіняга колеру. Візантыйскага паходжпння таксама эліпсоідныя і бочачкападобныя пацеркі сярэдніх памераў з карычневага або чорнага непразрыстага шкла, аздобленыя хвалістымі лініямі аднаго ці некалькіх колераў (белы, чырвоны, карычневы).1 (ст. 33)
Распаўсюджанасць. Візантыйскія шкляныя пацеркі, у першую чаргу золоаташкляныя, а таксама сінія (цыліндрычныя, прызматычныя, рабрыстыя) і беларамбічныя колькасна пераважваюць сярод негарадскога насельніцтва побліз Улазіміра, Суздаля, Ярослаўля, Цверы, Калугі, Смаленска. Такім чынам, яны характэрны для мяран, крывічаў і, у меньшай ступені, радзімічаў.1 (ст. 33)
З ліку сярэдневяковых гарадоў Беларусі пацеркі блізкаўсходняй і візантыйскай вытворчасці знойдзены ў наступных гарадах і іх ваколіцах: Полацк, Віцебск, Лукомль, Заслаўе, Навагрудак, Гродна, Ваўкавыск, Мінск, гарадзішча на р. Менка, Слуцк, Мсціслаўль, Брэст, Гомель. Найбольш частымі і выразнымі з'яўляюцца лімонкі, лімонападобныя сінія, бісер, золаташкляныя, рабрыстыя сінія, з "вочкамі" роных каляровых спалучэнняў.1 (ст. 33)
Візантыйскія пацеркі знойдзены таксама ў Паволжы, Прыкам'і, Крыму, Прычарнамор'і (Саркел), на Паўночным Каўказе, у Закаўказзі, Добруджы, Падунаўі, Маравіі, Польшчы (Паморье і поўдзень Польшчы), Прыбалтыцы, Скандынавіі. Пры гэтым у гарадах Крыма і Каўказскага пабярэжжа Чорнага мора, якія знаходзяцца найбліжэй да месца вытворчасці пацерак, іх зусім не многа, асабліва ў XI ст. Мала пацерак сустракаецца і ў самой Візантыі.1 (ст. 33)
Шкляныя пацеркі мясцовай вытворчасці з'явіліся на землях Русі ў пачатку XI в. (Кіеў). Іх узоры нешматлікія, простыя па форме і дэкору. З канца XII — пачатку XIII ст. пацеркі пачынаюць вырабляць у Ноўгарадзе, Полацку, Серэнску. Блізкаўсходнія і візантыйскія пацеркі адрозніваюцца ад старажытнарускіх па хімічнаму складу, тэхналогіі вытворчасці і дэкаратыўным аздабленні. Так пацеркі з Блізкага Усходу і Візантыі, як і іншыя шкляныя вырабы гэтага рэгіёна, па складу шкла адносіліся да класу натрыева-кальцыева-крэмнезёмневага шкла, у той час як шкляныя вырабы на Русі належаць да класу свінцова-крэмнезёмных. Акрамя таго, старажытнарускія пацеркі з'яўляюцца нашмат прасцейшымі па своіх декаратыўных якасцях.1 (ст. 31)
Каменныя пацеркі ў параўнанні са шклянымі нашмат малаколькасныя. Пацеркі з каляровых камянёў — сердаліку, хрусталя, аметысту, яшмы, агату, тапазу — з'яўляюцца найбольш раннімі ў ліку масавага ўсходняга імпарту. У колькасных суадносінах на кожную хрустальную пацерку прыходзяцца 2 сердалікавыя і амаль 40 шкляных. На тэрыторыі Беларусі знойдзена каля 500 экз. каменных пацерак. Яны сустракаюцца галоўным чынам у курганах і значна радзей — у гарадах (Полацк, Віцебск, Лукомль, Заслаўе, Навагрудак, Ваўкавыск, Слуцк, Копыль, Клецк).1 (ст. 35)
Сердалікавых пацерак выяўлена каля 400 экз. ў 150 археалагічных помніках. Сярод іх вылучаецца невялікая (больш 50 знаходак) група ранніх — X - 1-й пал. XI ст.: шматгранныя ў форме шара і 14-гранныя ў выглядзе куба са зрэзанымі вугламі. Яны знойдзены пераважна ў паўднёва-ўсходніх раёнах Беларусі (ніжняе Пасожжа, міжрэчча Дняпра, Беразіны і Зах. Дзвіны), а таксама ў вярхоўях Беразіны, Пцічы, Свіслачы і Навагрудскім Панямонні. Падобныя тыпы пацерак шырока вядомы ў сярэднявяковых помніках Сярэдняй Азіі і Каўказа.1 (ст. 35-36)
Самымі частымі формамі сердалікавых пацерак на тэрыторыі Беларуси з'яўляюцца прызматячныя і біпірамідальныя, асноўная частка знаходак якіх прыходзіцца на XI—XII стст., (асабліва на пач. XII ст.) Арэал іх нашмат шырэйшы, але ў аснове ляжаць тыя самыя тэрыторыі. Прызматычная форма пацерак характэрна для Сярэдняй Азіі, асабліва для IX—XI стст., біпірамідальныя шырока вядомы сярод знаходак Крыма, Каўказа і Средняй Азіі.1 (ст. 36)
Хрустальных пацерак выяўлена больш 80 экз. ў 54 археалагічных помніках. Іх арэал супадае з арэалам сердалікавых пацерак, але знойдзена іх значна меньш. Група ранніх пацерак — шматгранных, прызматычных, біпірамідальных — адносіцца да X—XI стст. Часцей сустракаюцца круглыя пацеркі, якія датуюцца XI—XII стст. Большасць знаходок прыходзіцца на канец XII ст. Найвялікшая іх канцэнтрацыя назіраецца у Падняпроўі. Аналагічныя формы пацерак былі распаўсюджаны на Паўночным Каўказе і Сярэдняй Азіі.1 (ст. 36)
Познія каменныя пацеркі XI—XIII стст. у параўнанні з раннімі X ст. не маюць выразных плоскіх граняў, вострых рэбраў. Узоры XI—XIII стст. адрозніваюцца спрошчанай тэхналагічнай схемай, у якой адсутнічае працэс агранкі загатоўкі перад яе шліфоўкай.1 (ст. 36)
На тэрыторыі Беларусі выяўлена каля 30 экз. пацерак з аметысту, агату, яшмы, тапазу (XI—XII стст.) Да вырабаў з каляровых камянёў адносяць і пацеркі з лазурыта (ляпіс-лазур) сярэдняазіяцкага паходжання, знайдзеную ў Навагрудку.1 (ст. 36)
Арэал распаўсюджання сердалікавых, хрустальных, а таксама золаташкляных пацерак супадае з арэалам распаўсюджання дырхема ў X ст. Шматлікія знаходкі усходніх пацерак у пахаваннях невялікіх пасяленняў X—XII стст. сведчыць аб тым, што ўсходні імпарт меў значна большы рынак збыту, чым толькі сярод заможнага гарадскога насельніцтва.1 (ст. 36)