 |
|
|
Ранні перыяд жалезнага веку
Каля IX ст. да н.э. - IV ст. да н.э.
- гальштацкі перыяд жалезнага веку ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе
VIII-VII ст. да н.э. - сяр. 1-га тысячагоддзя да н.э.
- ранні перыяд жалезнага веку на тэрыторыі Беларусі
|
|
Жалезная сякера мілаградскай культуры з гарадзішча Старое Краснае (Рэчыцкі р-н). VI ст. да н.э.2
Каля рубяжа 2-га і 1-га тысячагоддзяў да н.э. у Еўропе распачалася вытвочасць жалеза. Першым еўрапейскім рэгіёнам, дзе пазнаёміліся з традыцыяй атрымання і апрацоўкі жалеза была Грэцыя і Эгейскія астравы, куды яна трапіла з Пярэдняй Азіі. Дзесці на пачатку VII ст. да н.э. грэкі і этрускі перанеслі гэтую традыцыю ў Паўднёвую і Цэнтральную Італію, адкуль яна праз Альпы пачала распаўсюджвацца па Еўропе.a Налажванне вытворчасці і апрацоўкі жалеза ў Еўропе часткова супалі з распаўсюджаннем гальштацкай культуры, якая размяшчалася ў Цэнтральнай Еўропе і на Балканах (900 - 400 год да н.э.) і якая дала назву ранняму перыяду жалезнага века ў Цэнтральнай і Заходняй Еўропе, а таксама з пранікненнем праз поўдзень сучаснай тэрыторыі Расіі ў Цэнтральную Еўропу качавых плямён скіфаў.a
Лічыцца, што асваенне вытворчасці жалеза на тэрыторыі Беларусі распачалося ў VIII-VII ст. да н.э. і было звязана з распаўсюджаннем на поўдні Беларусі і поўначы Украіны мілаградскай культуры, да якой традыцыя жалезавытворчасці магла трапіць ад скіфскіх плямён.2 (ст.250) Праз скіфаў маглі таксама адбывацца кантакты з грэчаскімі гарадамі-полісамі.3 (ст.100) Развіццю мясцовай вытворчасці спрыяла наяўнасць сыравіны, у якасці якой служыла балотная і азёрная руда (буры жалязняк), адклады якой маюцца па ўсёй тэрыторыі Беларусі, а таксама адносна нескладаная тэхналогія варкі жалеза. 1 (ст.86)
Выкарыстанне жалеза карэнным чынам змяніла характар вядзення гаспадаркі і паўплывала на жыццёвы лад тагачаснага грамадства. Зямляробства і жывёлагадоўля канчаткова заняло дамінуючае становішча. Выкарыстанне жалезных прыладаў працы давала магчымасць значна павялічыць плошчы, занятыя пасевамі, палепшыць якасць апрацоўкі глебы, і ў выніку атрымоўваць значна большыя ураджаі, забяспечваць прадуктамі харчавання людзей і грамадскі статак і, акрамя таго, стварыць пэўныя запасы, што пачало ствараць умовы для паступовага разлажэння родавага ладу жыцця,1 (ст.87) першым этапам чаго быў працэс распадзення родаў на вялікія патрыярхальныя сем'і1 (ст.115). Удасканаленне апрацоўкі дрэва палепшыла якасць домабудаўніцтва і прывяло да вытворчасці сродкаў транспарту, што паўплывала на пашырэнне тавараабмену. З ростам прадукцыйнасці працы ў асобных родаў і плямён назапашвалася маёмасць, што вяло да войнаў з мэтаю грабежніцтва і заняволяння. Для абароны сябе і сваёй маймасці насельніцтва пачало сяліцца ў цяжкаадаступных забалочаных месцах і ў лясах, умацоўваючы свае паселішча рвамі і землянымі валамі. Так узніклі гарадзішчы, якія сталі асноўнымі тыпамі паселішчаў на працягу амаль усёй эпохі жалеза.1 (ст.87)
Але адзачаныя перамены ў ранні перыяд жалезага веку адбываліся толькі на поўдні Беларусі, і былі звязаны з развіццём мілаградскай культуры. На тэрыторыі Сярэдняй і Паўночнай Беларусі, дзе пражывалі плямёны культуры штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай культуры, яшчэ не валодалі вытворчасцю жалеза і неабходныя ва ўсіх сферах жыццця рэчы выраблялі пераважна з камяню, косці і рога.1 (ст.99) Паселішча не мелі абарончых умацаванняў і уяўлялі сабой адкрытыя селішчы і амаль не адрозніваліся ад эпохі бронзы.1 (ст.97) Паводле этнічнай прынадлежнасці насельніцтва ўсіх трох культур Беларусі лічыцца балцкім, якое узнікла як вынік развіцця культуры насельніцтва бронзавага веку,1 (ст.100) хаця адносна мілаградскай культуры існуе таксама меркаванне лічыць яе насельніцтва славянскім.2 (ст.428) На паўднёвым захадзе Беларусі сустракаюцца сляды насельніцтва лужыцкай культуры, якое магло пранікнуць сюды з няжняга Пабужжа яшчэ ў канцы бронзавага веку.3 (ст.101)
У духоўным жыцці як і ў бронзавую эпоху, у гэты перыяд пераважвалі рэлігійныя вераванні, звязаныя з земляробчымі культамі, з абагаўленнем нябесных свяцілаў і агню, з культам якога быў звязаны звычай крэмацыі.3 (ст.97)
(Апошняя рэдакцыя: 18.02.2009)
|
|
Другі перыяд жалезнага веку
Каля V ст. да н.э. - пач. н.э.
- латэнскі перыяд жалезнага веку ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе
|
|
Бронзавыя бранзалеты, кольцы і фібулы зарубінецкай культуры з мясьэчка Чаплін (Лоеўскі р-н). II-I стст. да н.э. (Нацыянальны гістарычны музей Беларусі, Мінск) Фота В. Бараноўскага4
У сярэдзіне 1-га тысячагоддзя да н.э. адбываюцца пэўныя кліматычныя змены звязаныя са зніжэннем тэмпературы і павялічэннем вільготнасці, у выніку чаго павысіўся узровень вады і наступіла забалочванне значных прастораў.1 (ст.101) На Беларусі, як і ва ўсёй Еўропе, пачаўся заняпад земляробства. Неабходнасть прыстасавання вымусіла насельніцтва выкарыстоўваць пад пашу і для будавання селішчаў землі на ўзвышшах і водападзелах.1 (ст.106)
Неспрыяльнасць умоў для зеляробства прывяло да інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі, развіццё якой мела свае рэгіянальныя асаблівасці. Так для насельніцтва мілаградскай культуры асноўным відам была буйная рагатая жывёла, пасля якой вялікае значэнне меў конь. У гаспадарцы днепра-дзвінскай культуры, дзе бракавала корма для ўтрымання буйных рагатых жывёл, пераважна гадавалі авечак і коз.1 (ст.107) На поўначы Беларусі пашырылася свінагадоўля.3 (ст.126)
У 2-й палове 1-га тысячагоддзя да н.э. Ў Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі пашыраецца выкарыстанне жалезных вырабаў і вытворчасць жалеза. Распачалося ўзвядзенне добра ўмацавных гарадзішчаў і перабудова ранейшых, што асабліва відавочна па слядах культуры штрыхаванай керамікі.1 (ст.97)
Пагаршэнне клімату была адной з прычын заняпаду лужыцкай культуры ў Цэнтральнай Еўропе.3 (ст.101) Разам з тым з'явіліся новыя балцкія культуры, з якіх да плямён заходніх балтаў належала культура заходнебалтыйскіх курганаў1 (ст.101) у Паўднёвай Прыбалтыцы і ў паўночна-заходніх раёнах Беларусі, у той час як на астатняй тэрыторыі Беларусі было дамінаванне усходніх балтаў.1 (ст.102) У цэнтральнай Еўропе знікае лужыцкая культура, аднак на паўночным захадзе Польшчы частка лужычан сфарміравала паморскую культуру,3 (ст.102) помнікі якой з'яўляюцца ў заходняй частцы Палесся.1 (ст.102) Пануючае становішча ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе з сярэдзіны 1-га тысячагоддзя да н.э. занялі кельты, з якімі звязваюць распаўсюджанне латэнскай культуры.3 (ст.123)
Аднак на тэрыторыі Беларусі у гэты перыяд не адбылося значных пераменаў у этна-культурным складзе насельніцтва. На поўдні Беларусі адбывалася скарачэнне арэалу мілаградскай культуры, якая падзялілася на дзве лакальныя групы. Змяншэнне арэала адчула таксама і культура штрыхаванай керамікі.1 (ст.102) Адбываюцца значныя змены ў жыцці насельніцтва днепра-дзвінскай культуры, звязаныя з трансфармацыяй керамікі і з'яўленнем жалезных вырабаў. Культура падзяляецца на дзве групы: заходнюю - дзвінскую, больш кансерватыўную, і усходнюю - дняпроўскую.1 (ст.102)
У гэты перыяд змяніліся напрамкі культурных сувязяў насельніцтва Беларусі з навакольным светам. Гандлёвыя сувязі са скіфамі працягваюць развівацца да III ст. да н.э., часу калі скіфская дзяржава была разгромлена качэўнікамі з усходу - блізкамоўнымі ім сарматамі3 (ст.104). Узмацніліся кантакты з насельніцтвам латэнскай культуры, доказам чаго з'яўляюцца латэнскія бранзалеты, знойдзеныя на тэрыторыі Беларусі.1 (ст.102) Насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі было больш замкнёнае ў сваіх сувязях і кантактавала толькі з заходнімі балтамі.
У III-II стст. да н.э. на тэрыторыі Паўднёвай Беларусі пачалі адбывацца значныя этна-культурныя працэсы. Пры эвалюцыйным развіцці культур штрыхавой керамікі, днепра-дзвінскай, помнікаў тыпа Начы адбылося знікненне мілаградскай культуры і з'яўлення на поўдні тэрыторыі Беларусі насельніцтва зарубінецкай культуры, якую па паходжанню адныя даследчыкі схільны звязваць са славянамі, іншыя з балтамі альбо з супольнасцю іншых культур.1 (ст.102) З паяўленнем плямён зарубінецкай культуры земляробства ў рэгіёне іх засялення пачало адыгрываць вядучую роль.1 (ст.107)
(Апошняя рэдакцыя: 23.02.2009)
|
|
Трэці перыяд жалезнага веку
Рубеж н.э. - 476 г.
- перыяд рымскіх уплываў у Заходняй і Цэнтральнай Еўропе
|
|
Зерняцёрка з гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі ля в. Малышкі (Вілейскі р-н). I-IV стст. н.э. (Музей старажытнабеларускай культуры. Мінск) Фота Р. Маісея
Пачатак 3-га перыяда жалезнага веку, які яшчэ атрымаў назву рымскага і вызначаўся моцнымі ўплывамі Рыма і яго еўрапейскіх правінцый на культурнае, сацыяльна-эканамічнае і палітычнае становішча народаў, якія жылі на поўнач ад Імперыі,1 (ст.89) на тэрыторыі Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі характэрызаваўся паўсюдным выкарыстаннем жалезных вырабаў і пашырэннем пабудовы добра ўмацаваных гарадзішчаў1 (ст.103). У той жа час, з пачатку 1-га тысячагоддзя, на поўдні Беларусі насельніцтва пакідае ўмацаваныя гарадзішчы і пасяляецца на адкрытых месцах - на селішчах. Гэта сведчыла аб паступовым распадзе патрыярхальна-сямейнай абшчыны на малыя сем'і, якія пакідалі вялікія (доўгія) абшчынныя дамы і будавалі індывідуальнае жыллё меньшых памераў. Высяляючыся з былых цэнтраў, малыя сем'і асвойвалі новыя тэрыторыі і ўтваралі новыя вытворчыя адзінкі. Так пачалося узнікненне племенных аб'яднанняў у аснове якой былі не крэўныя а тэрытарыяльныя сувязі.1 (ст.116)
Узнікненне маёмаснай няроўнасці, якое таксама пачалося раней на поўдні Беларусі, вяло да дыферэнцыяцыі ўнутры плямёнаў. Частка палонных выкарыстоўвалася ў якасці рабоў3 (ст.134) Фарміраванне саюзаў плямён вяло да арганізацыі калектыўнай ўзброенай абароны, што рабіла непатрэбным умацоўваць кожнае асобнае паселішча, з якіх некаторыя добраумацаваныя ператвараліся ў гарадзішчы-сховішчы1 (ст.116) Асобныя групы, якія выдзяляліся ў выніку дыференцыяцыі, фарміравалі ваенную дружыну, аснову якой складалі воіны-коннікі.1 (ст.117)
У галіне гаспадаркі на рубяжы эр пачынаецца шырокае распаўсюджванне культуры жыта, якое было найбольш прыстасавана да вырошчвання ў лясной паласе Усходняй Еўропы.1 (ст.108) Пачынае шырока ужывацца лядна-пераложнае і нават ворнае земляробства, якое мела экстэнсіўны характар.1 (ст.107) У жывёлагадоўлі на працягу усяго 1-га тысячагоддзя пераважвала буйная рагатая жывёла і свінні.1 (ст.108)
У гэты перыяд павялічылася інтэнсіўнасць знешніх сувязяў і пранікненне уплываў Рымскай імперыі, аб чым сведчаць больш як 30 месцазнаходжанняў рымскіх манет, сярод якіх асабліва вылучаўся скарб з Клімавіч. Акрамя манет значную колькасць сярод знаходак складалі і прадметы побыту. На тэрыторыі Беларусі вылучаліся два рэгіёны з рознымі напрамкамі сувязяў: заходні і паўднёва-заходні рэгіёны, звязаныя з Бурштынавым шляхам і Прыбалтыкай, і паўднёва-усходні рэгіён, які меў сувязі з гарадамі Паўночнага Прычарнамор'я.1 (ст.108)
У 40-я-70-я гады амаль адначасова на ўсёй тэрыторыі знікаюць помнікі зарубінецкай культуры, што было верагодна вынікам палітычных падзей. На рэштках культуры сфарміраваўся новы культурны гарызонт (помнікі Рахны - Почап), насельніцтва якога да сярэдзіны II ст. знаходзілася ў рухомым стане.1 (ст.103)
У сярэдзіне II ст. Заходняе Палессе апынулася на шляху міграцыі готаў, якія заключыўшы саюз з аланамі або падпарадкаваўшы іх стварылі ў Прычарнамор'і моцную протадзяржаву, матэрыяльнае сведчанне якой археолагі фіксуюць у чарняхоўскай культуры.7 (ст.37) Міграцыя готаў пачалася з нізоўяў Віслы і пралягала ў Пабужжа, Падняпроўе і Падунаўе.1 (ст.104) Частка іх затрымалася на Пабужжы і Верхняй Прыпяці да IV ст. і заставілі пасля сябе помнікі, якія даследчыкі аб'ядналі ў вельбарскую культуру.3 (ст.110) Тады ж сфарміравалася і кіеўская культура, адна з лакальных груп якой заняла Верхняе Падняпроўе.1 (ст.104) Пазней протадзяржава готаў падзялілася на дзве - заходнюю (везегоцкую) і ўсходнюю (астрагоцкую).7 (ст.37)
У цэлым на тэрыторыі Беларусі з другой паловы II ст. склалася стабільная сітуацыя, якая доўжылася да IV ст. і пры якой працягвалася эвалюцыя мясцовых культур: штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінскай і помнікаў тыпа Начы.1 (ст.104)
Міфалагічна-рэлігійныя уяўленні, многія з якіх захаваліся з бронзавай эпохі, былі звязаны з асяроддзем пражывання і гаспадарчымі заняткамі. Адным з важнейшых і старажытных быў культ жывёл, сведчаннем аб якім служаць іх фігуркі, знойдзеныя на месцах пасяленняў. Да пачатку нашай эры адносяцца самыя раннія на тэрыторыі Беларусі выявы свастык, якія былі звязаны з культам агню ці сонца.1 (ст.120) Да канца жалезнага веку ў асноўным сфарміраваўся і пантэон багоў.1 (ст.121)
(Апошняя рэдакцыя: 27.08.2009)
|
|
Канец жалезнага веку
IV - VI стст.
- эпоха вялікага перасялення народаў у Заходняй і Цэнтральнай Еўропе
|
|
Бронзавя бранзалеты з гарадзішча Гарошкаў (Рэчыцкі р-н). IV - V стст.2
У 2-й палове IV ст. цюркскае племя гунаў, якое прыйшло з далёкіх азіяцкіх стэпаў уварвалася ў Прычарнамор'е, што дало пачатак "Вялікаму перасяленню народаў", якое ў V стагоддзі амаль цалкам перайначыла этнічную і палітычную карту Еўропы.3 (ст.120) У склад міграцыі стэпавых качэўнікаў уваходзілі акацыры, альтцыягіры і балгары. Нашэсце гунаў вымусіла везеготаў адысці ў межы Рымскай імперыі, а астраготы і падначаленыя ім народы ўвайшлі ў новую протадзяржаву ўзначаленую гунамі. На поўдні Усходняй Еўропы на месцы зніклай чарняхоўскай супольнасці пачалі утварацца пражская і пьянькоўская культура.7 (ст.37)
На тэрыторыі Беларусі першымі наступствы новага гістарычнага працэсу адчула на сабе насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі, на якіх адбіліся тры хвалі міграцыі: з захаду і Паўночна-Заходняй Польшчы. Першая хваля адбылася ў III-IV стст. і прывяла да знікнення ва Усходняй Літве культуры штрыхаванай керамікі і з'яўленні там помнікаў культуры ўсходнелітоўскіх курганаў. На рубяжы IV-V стст. другая хвалі міграцыі прывяла да знікнення культуры штрыхаванай керамікі ў частцы басеіна Віліі і каля возера Свір і з'яўленні там новай культуры. Пад час трэцяй хвалі, якая адбылася ў першай палове V ст. сфарміравалася культура пскоўскіх доўгіх курганаў, якую адныя даследчыкі лічаць славянскай культурай, другія, улічваючы этнічную прынадлежнасць культур, праз якія адбывалася міграцыя, адносяць да балтаў.1 (ст.105)
Ваенныя набегі сталі звыклай з'явай, таму мясцовае насельніцтва, нягледзячы на наяўнасць плямянной арганізацыі і дружыны, было вымушана узводзіць умацаваныя сховішчы ці выкарыстоўваць пакінутыя старыя гарадзішчы,1 (ст.117) пры тым, што асноўным тыпам паселішча ў сярэдзіне 1-га тысячагоддзя становяцца невялікія неўмацаваныя селішчы.1 (ст.108) У большасці выпадкаў на адным гарадзішчы-сховішчы знаходзіла паратунак насельніцтва даволі значнай акругі1 (ст.118)
У астатняй частцы арэала культуры штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінскай, кіеўскай і вельбарскай культур жыццё працягвалася да сярэдзіны V ст, калі ў выніку навалы качэўнікаў на поўдні Усходняй Еўропы і вызванай ёй хвалі міграцыі, яны спынілі сваё існаванне.1 (ст.105)
(Апошняя рэдакцыя: 24.02.2009)
|
|
Літаратура
- В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП "Экаперспектыва", 2000.
- Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск: "Беларуская энцыклапедыя" імя Патруся Броўкі, 1993.
- Чарняўскі М. М. Ілюстраваная гісторыя старадаўняй Беларусі: Першабытны перыяд. Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2003.
- Дзяржаўны музей БССР. Альбом. Мінск: "Беларусь", 1986.
- Генадзь Сагановіч. Нарысы гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. Мінск: "Энцыклапедыкс", 2001.
- Гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветных цывілізацый. Вучэбны дапаможнік. У дзвюх частках. Частка 1. Мінск: "БДПУ ім. М. Танка", 2007.
- Вялікі гістарычны атлас Беларусі (у 3-х тамах). Том 1. Мінск, "Белкараграфія", 2009.
- Я.К. Новік, І.Л. Качалаў, Н.Я. Новік. Гісторыя Беларусі. Ад старажытных часоў - па 2008 г. Мінск: "Вышэйшая школа", 2009.
Матэр'ялы ў Інтэрнэце
- Железный век. Энциклопедия Кругосвет.
- Шадыро В.И. Белорусско-литовско-латышское порубежье в эпоху железа и раннего средневековья.
- Pradzieje ziem polskich: epoka zelaza.
- Гальштатская культура. Словари и энциклопедии на Академике.
- Гальштатская культура. Материал из Википедии — свободной энциклопедии.
- Латенская культура. Словари и энциклопедии на Академике.
- Латенская культура. Материал из Википедии — свободной энциклопедии.
- Шадыро В. И. Белорусско-литовско-латышское порубежье в эпоху железа и раннего средневековья (этнокультурные аспекты).
|
|