 |
|
|
Еўропа ў канцы VIII ст.
8 чэрвеня 793 г.
- пачатак ваеннай экспансіі вікінгаў у Заходняй Еўропе
|
 |
Срэбраны дырхем (805 г.) з часоў праўлення халіфа Харуна аль-Рашыда знойдзены на захадзе ад Осла. Крыніца: www.aftenposten.no
У канцы VIII ст. Еўропа па ўзроўню сацыяльна-палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця умоўна была падзеляна на дзве часткі, мяжа паміж якімі рассякала кантынэнт ад поўначы на поўдзень - па Эльбе, вярхоўям Дуная, Балканам. На захадзе і поўдні ад мяжы знаходзіўся свет, які ужо ажыццявіў пераход да феадальнага грамадства - Рамейская, або Візантыйская імперыя, Франкская імперыя Каралінгаў і арабскія халіфаты. Гэтыя дзяржавы падзялілі між сабой Рымскую спадчыну і для якіх Вялікае перасяленне народаў было завершана. На поўначы і ўсходзе ад мяжы знаходзіўся свет, дзе "феадальная рэвалюцыя" павінна была яшчэ толькі адбыцца. Гэта быў свет шматлікіх паганскіх плямён, да якіх належалі славяне, балты, фіна-угры, скандынавы, а таксама качавыя орды цюркскіх народнасцяў.8 (ст.28-31)
Славяне, пасля няўдалых спроб стварыць дзяржаву на грунце саюзу з качэўнікамі, урэшце на пачатку IX ст. стварылі першую феадальна-хрысціянскую дзяржаву - Вялікую Маравію. На поўначы і паўночным усходзе са славянамі суседнічалі балтскія і фіна-угорскія народы. На поўдні - цюркскія плямёны, якія стварылі некалькі каганатаў, з якіх найбольш уплывовым для Еўропы быў Хазарскі. Блізкія хазарам булгары раздзяліліся: адна іх частка адыйшла на Балканы і зліўшыся са славянамі дала пачатак Балгарыі. Другая, прасунуўшыся на Сярэднюю Волгу, стварыла там сваю дзяржаву.8 (ст.28-31)
Цюркскія плямёны былі цесна звязаны з культурай Сярэдняй Азіі і Закаўказзя. Ужо ў пачатку VIII ст. сярэдняазіацкае і іранскае серабро, у абмен на ўсходнееўрапейскія тавары, трапляла далёка на поўнач.3 (ст.85)
На тэрыторыі Скандынавіі жылі разрозненыя германскія плямёны, фарміраванне якіх пачалося яшчэ з часоў неаліту. На рубяжы нашай эры была вядомая супольнасць пад назвай свіоны (свеі), якія пасля сталі валадарыць на тэрыторыі Швецыі. Частка другой супольнасці - готаў - пакінула Паўднёвую Скандынавію і ў першыя стагоддзі н.э. рушыла з Ніжняга павіслення на Украіну, а пасля пад націскам гунаў адыйшла далёкана захад. Плямёны данаў з поўдня Скандынавіі пасля захапілі бліжэйшыя выспы а затым і паўвыспу Ютландыя.b (st003)
У канцы VIII ст. скандынаўскія плямёны распачалі актыўную дзейнасць на тэрыторыі Еўропы. У заходняй Еўропе яны былі вядомыя як "вікінгі" альбо "нарманы". Сярод славян распаўсюдзілася назва "варагі". Вялікі рост насельніцтва ў спалучээнні са складанымі кліматычнымі умовамі поўначы вымусіў найбольш актыўную частку грамадства шукаць сродкаў для палепшання дабрабыту ў іншых землях. Звычайна гэтыя пошукі набывалі тры формы: рабаўніцтва, гандаль і каланізацыя - яны крочылі поруч і пераходзілі адна ў адну ў залежнасці ад абставінаў.3 (ст.86-87)
Пачатакам ваеннай эксансіі вікінгаў у Заходняй Еўропе лічыцца 793 г., калі скандынаўскія піраты зрабілі разбойны напад на манастыр Св. Кутберта на востраве Ліндысфарн ля пабярэжжа Англіі.8 (ст.28) У заходнееўрапейскім напрамку дзейнічалі ў асноўным нарвэскія і данскія вікінгі.5 (ст.1)
(Апошняя рэдакцыя: 19.04.2009)
|
|
Шляхі на Усход
820-я гг.
- пачатак сталай дзейнасці вікінгаў на беларускіх землях
|
 |
Срэбраная грыўня шыйная IX ст. з Добрынскага манетна-рэчавага скарбу. Магчыма паўгочна-заходняга паходжання (відавочна з в. Готланд). Назва - ад стараславянскага "грыва" (шыя). Залатыя і срэбраныя грыўні былі адзнакай улады. Дружыннікі атрымлівалі іх таксама ў якасці ўзнагароды.
Рабаўнічыя напады вікінгаў, а дакладней свеонаў, на ўсходнія берагі Балтыйскага мора, згодна з паведамленнем у скандынаўскіх сагах, пачаліся яшчэ ў V ст. Затым, у канцы V - пачатку VI стст., наступіла чарга данаў. Менавіта ў гэты момант у скандынаўскіх сагах з'яўляецца тэрмін "Усходнія краіны", ці дакладней "Усходні шлях" (Austrvegr). У VI - VIII стст. зона актыўнасці вікінгаў ва ўсходнебалтыйскам рэгіёне пашырылася. Яны абкладалі данінай мясцовае насельніцтва, якое неаднаразова паўставала супраць захопнікаў.3 (ст.88)
Пранікненне свеонаў на землі балтаў і славян мела іншы характар, у адрозненне ад рабаўнічай палітыкі данаў. З прычыны геаграфічнай блізасці выхадцы з Швецыі складалі большасць з тых нарманаў, якія дзейнічалі ў гэтым напрамку. Прыродныя умовы самой Швецыі былі досыць спрыяльнымі для вядзення сельскай гаспадаркі, таму патрэбнасць у знешняй каланізацыі ў шведаў была не такая вялікая, у параўнанні са скандынавамі, якія дзейнічалі ў Заходняй Еўропе.3 (ст.88)
Практыка асваення тэрыторыі ўсходнебалтыйскага рэгіёна паказала свеонам, што найлепшым спосабам пранікнення на Ўсход было асваенне сістэмы рачных шляхоў і валокаў, якое звычайна адбывалася мірна, але, ў залежнасці ад абставінаў, магло перарасці ў рабаўніцкі набег ці заваявальны паход.3 (ст.93) Першы паводле часу ўзнікнення і ступені важнасці шлях на Усход ад Балтыкі ішоў праз Няву ў Ладажскае возера і далей па рацэ Волхаў, у ніжнім цячэнні якой з сярэдзіны VIII ст. знаходзілася славяна-фіна-варажскае гандлёва-рамеснае паселішча Ладага (Альдэйг'юборг). Шлях з Волхава праз валокі і водныя сістэмы Растоўскай зямлі вёў ў верхняе цячэнне Волгі, а затым у Каспійскае мора. Гэты шлях да другой паловы X ст. з'яўляўся найважнейшай гандлёвай артэрыяй Усходняй Еўропы. Праз вярхі Акі і волакі Волхаўска-Волжскі шлях злучаўся з другім буйнейшым шляхам, які злучаў Балтыйскае і Чорнае мора, які з 2-й чвэрці IX ст. пачаў адыгрываць важную ролю і які атрымаў назву "шляху з Вараг у Грэкі".3 (ст.91-92) Да верхняга цячэння Дняпра траплялі дзвюмя шляхамі. Адзін пралягаў па маршруту Фінскі заліў - Нява - Ладажскае возера - рэкі Волхаў - Ловаць - Усвяча - Каспля і праз валокі да Дняпра. Лічыцца што ён быў асвоены варагамі не пазней 830-х гг. Тады ж, ці крыху пазней, скандынавы пазнаёміліся з шляхам, які быў карацейшы і пралягаў да Дняпра праз Заходнюю Дзвіну. Ужо ў першыя дзесяцігоддзі IX ст. па водных шляхах у Скандынавію пачало паступаць высокапробнае арабскае серабро.9 (ст.132)
Адкрыццё шляхаў на Усход па Дзвіне і Дняпры і стала прычынай прыходу варагаў на беларускія землі. Самыя раннія скарбы арабскіх дырхемаў, знойдзеныя на тэрыторыі Беларусі, датуюцца 820-мі гг. - перыяд, які можна лічыць пачаткам сталай дзейнасці вікінгаў на тэрыторыі Беларусі. Знаходжанне Полацка на важнейшым гандлёвым шляху і паспрыяла яго хуткаму ператварэнню з племяннога цэнтра крывічаў у буйное гандлёва-рамеснае паселішча3 (ст.91-93)
(Апошняя рэдакцыя: 20.04.2009)
|
|
Ваенная экспансія вікінгаў
839 г.
- першае паведамленне аб Русі
850-я гг.
- верагодны напад вікінгаў на Полацк
862 г.
- выгнанне варагаў "за мора"
|
 |
|
Пасля таго, як асноўныя шляхі на Усход былі адкрытыя, перад скандынавамі паўстала задача атрымання як мага большай выгады з свайго геаграфічнага адкрыцця, спосаб для вырашэння якой быў выбраны цалкам традыцыйны.9 (ст.132)
Тым часам, пасля некаторага зацішша, у 834-835 гг. аднаўляюцца жорсткія напады нарманаў у Заходняй Еўропе. У дадатак, заходнееўрапейскі летапіс (Берцінскія аналы) пад 839 г. паведамляе аб з'яўленні пры франкскім іператарскім двары падозраных у шпегоўстве шведаў, якія прыбылі з візантыйскім пасольствам і выдавалі сабе за паслоў караля (хакана) народу Рос (Rhos). Акрамя таго што паведамленне фіксуе першае з вядомых упамінанне аб назве "Русь", яно таксама паказвае, што шведы сапраўды маглі з'явіцца там з мэтай выведаць зручныя шляхі для нападаў на міжземнаморскія краіны.3 (ст.96)
Лічыцца верагодным, што на беларускіх землях спалучаць гандаль з набегамі і рабаўніцтвам вікінгі пачалі ў 830-х гг.3 (ст.96) Пры несумненнай колькаснай перавазе шведаў іншыя скандынаўскія народы таксама вялі сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі,3 (ст.96) але пакуль на абшарах усёй старажытнай Русі не знойдзена жаднай памяткі, альбо комплексу памятак данскага ці нарвежскага паходжання.5 (ст.5) Між тым адна з данскіх хронік утрымлівае паўлегендарнае паведамленне аб паходзе конунга Рагнара Лодбрака (Rognar Lodbrok) на усходнебалтыйскія землі, якое па меяркававанню некаторых гісторыкаў магло сапраўды адбыцца каля 840 г.3 (ст.96)
Шматверагодна, што і Полацк, які ужо існаваў і нават ператварыўся з племяннога цэнтра ў гандлёва рамеснае паселішча на важным гандлёвым шляху, не мог пазбегнуць увагі з боку правадыпроў рабаўніцкіх дружын. Тая ж хроніка распавядае аб паходзе Фродэ (Frode) на Русь і на Полацк (Palteska), дзе ў той час, як паведамляецца, правіў кароль Веспансінс. У выніку напада, які спрабуюць датаваць 850-мі гадамі, Веспансінс быў забіты.3 (ст.97)
Да падзеяў якія знайшлі падтверджанне ў іншых крыніцах адносіцца напад данаў на зямлю куршаў (Куронію) у 853 г., дзе яны пацярпелі жорсткае паражэнне, і напад на тую ж зямлю ў 855 г. шведскіх захопнікаў узначаленых Олавам.3 (ст.97) Пасля таго як даны, ў змаганні за манаполію на Балтыцы блакіравалі шведскую Бірку, шведы паспрабавалі абкласць данінай усходнеславянскія і фінска-волжскія плямёны,b (ст.st052) што адбылося, як паведамляе "Аповесць мінулых часоў", у 859 г.: "Имаху дань варязи, приходяще изъ заморья, на чюди, и на словѣнехъ, и на меряхъ и на всѣхъ, кривичахъ."g
Такім чынам, пад кантролям вікінгаў, акрамя усходнебалтыйскіх тэрыторый, аказаліся таксама землі уздоўж паўночнага адрэзка Балтыйска-Волжскага шляху аж да цяжкапераадольных волакаў паміж Ловаццю, Заходняй Двіной і Дняпром9 (ст.133), хоць зазначаецца, што скандынаўскія калоніі сярод шырокіх абшараў, якія займалі ўсходнія славяне, здаваліся "выспачкамі ў іх моры".5 (ст.6) Памер даніны быў фармальна фіксіраваны - "по белеи веверици (па вавёрчай скурцы)", але ў летапісах паведамляецца, што скандынавы гэтым не абмяжоўваліся.9 (ст.133)
Экспансія вікінгаў падштурхнула плямёны аблакдзеныя даніной да аб'яднання і яны былі вымушаны даць адпор заваёўнікам, што адбылася, згодна з летапіснымі крыніцамі каля 862 г.: "И изгнаша варягы за море, и не даша имъ дани, и почаша сами в собѣ володѣти".g
(Апошняя рэдакцыя: 21.04.2009)
|
|
Пачатак княскай улады
862 - 879 гг.
- княжанне Рурыка
862 г.
- першае летапіснае паведамленне пра Полацк
|
 |
|
Вынікам выгнання варагаў быў часовы перапынак у гандлёвых адносінах са Скандынавіяй.b (ст.st052) Археалагічныя дадзеныя падцвярджаюць, што пачынаючы прыкладна з 860 г. на дзесяцігоддзе перапыняецца ўвоз усходняга срэбра ў Швецыю і на Готланд.3 (ст.100)
Згодна з летапісам, пасля выгнання вікінгаў на падначаленых ім раней землях пачаўся час бязладдзя і міжусобіц: "И не бѣ в нихъ правды, и въста родъ на род, и быша усобицѣ в них, и воевати сами на ся почаша". Хоць, як лічаць даследчыкі, паражэнне асобных нарманскіх дружын у барацьбе са славянскімі, балцкімі і фіна-угорскімі плямёнамі наўрад ці магло выклікаць "надзвычайны выбух анархіі і вайны ўсіх супраць усіх". Што "хутчэй за ўсё, пасля таго як адпала неабходнасць у злучэнні сіл, выкліканая знешняй агрэсіяй, справы ва усходнееўрапейскіх народаў вярнуліся да свайго звыклага стану: пастаяннай міжабшчыннай варожасці".3 (ст.100)
Дзяля аднаўлення адзінства, як паведамляе летапіс, старэйшына славен Гастамысл (Гостомыслъ) прапанаваў звярнуцца з запрашэннем на княжанне ў Ладагу "к варягам, к руси", якія валодалі высокапрафісійнай ваеннай сілай і і маглі б даць адпор магчымым спробам узяць рэванш з боку скандынаваў.9 (ст.133) Выбар славянскай і фіна-угорскай знаці быў зроблены на карысць нарманскага конунга Рурыка, пад імем якога прынята лічыць данскага конунга Рорыка (Hrœrekr, Rörik), і яго братоў Сінявуса і Трувара.9 (ст.133)
На той момант Ладага з'яўлялася буйным гандлёва-рамесным паселішчам, цэнтрам славенскага саюзу плямёнаў і, ў сілу савйго геаграфічнага становішча, асноўным прэтэндэнтам на кантроль Волхаўска-Волжскага шляху - асноўнага на той час гандлёвага шляху Усходняй Еўропы. Пасля умацавання Ладагі Рурык перабраўся ў Ноўгарад а сваім ярлам раздаў іншыя ўмацаваныя паселішчы (гарады), у ліку якіх Іпацьеўскі летапіс згадвае Полацк: "і раздая мужемъ своимъ волости и городы рубити: овому Полътескъ, овому Ростовъ, другому Белоозеро". Гэта - першае летапіснае паведамленне пра Полацк, якое датуецца 862 г. 3 (ст.102)
Відавочна, што палітыка падпарадкавання асноўных пунктаў, якія кантралявалі гандлёвыя шляхі, адпавядала інтарэсам мясцовай знаці і іншага насельніцтва. Таму яны былі зацікаўлены ў забяспячэнні бесперашкоднага гандлю і выступалі за ўтварэнне дзяржаўных фармаванняў вакол гандлёвых шляхоў.3 (ст.102)
З той жа мэтай падпарадкавання гарадоў на гандлёвым шляху "мужы Рурыка" Аскольд (Hoskulðr) і Дзір (Dyri) накіраваліся да Кіева. Сустрэты на іх шляху Смаленск аказаўся "град велик и мног людьми", таму яны не наважыліся на яго напасць.3 (ст.102) Па іншаму склалася з Кіевам, які не меў князя, кіраваўся толькі саветам старэйшын і плаціў даніну хазарам. Заняўшы Кіеў, Дзір абвясціў сябе вярхоўным князем, а Аскольд стаў яго саправадыром.9 (ст.135)
(Апошняя рэдакцыя: 22.04.2009)
|
|
Першыя дзяржаўныя ўтварэнні
865 г.
- напад Аскольда і Дзіра на Полацк
|
 |
|
Такім чынаму 860-я гг. на Балтыйска-Чарнаморскім міжмор'і ўзніклі два першыя дзяржаўныя ўтварэнні. Першае з гэтых утварэнняў, з цэнтрам у Ладазе, а затым у Ноўгарадзе, кантралявала галоўныя шляхі па Волхаву, Верхняй Волзе і Дзвіне. Другое, з цэнтрам у Кіеве, панавала на сярэдзінным цячэнні Дняпра. Сярод дзяржаўных вярхоў абодвух утварэнняў моцныя пазіцыі займала прынятая мясцовымі жыхарамі нарманская дружынная русь і абодва ўключалі ў свой склад беларускія землі.3 (ст.103)
Між тым Рурык імкнуўся пазбавіцца апекі ладажан і праводзіць сваю ўласную палітыку, аб чым сведчыць нават сам факт пераносу рэзідэнцыі ў Ноўгарад. Свавольная палітыка заморскаха прыхадня не магла не выклікаць пратэст сярод славенаў, у шэрагу якіх згуртавалася мясцовая апазіцыя на чале з Вадзімам Храбрым. Але ў 864 г. апазіцыя пацярпела паразу, а сам Вадзім Храбры быў забіты. Верагодна, што на баку Рурыка выступілі таксама моцныя мясцовыя групоўкі, тнтарэсы якіх супадалі з інтарэсамі варагаў.3 (ст.104)
У Кіеве, умацаваўшы ўладу, Аскольд і Дзір пачалі праводзіць сваю палітыку, якая не адпавядала інтарэсам крывічоў, славен і Рурыка.3 (ст.103) Верагодна з мэтай вырваць кантроль над заходнядзвінскім адрэзкам "шляху з Вараг у Грэкі" яны у 865 г. нападаюць на Полацк. Паведамленне аб гэтым у летапісу з'яўляецца другім зафіксаваным узгадваннем пра Полацк. Хоць, як піша Ніканаўскі летапіс, яны ў Полацку "много зла сотвориша", вынікі іх нападу відавочна былі сціплыя, таму яны праз два гады ажыццявілі новы паход на землі крывічоў.9 (ст.135)
У 866 г., як паведамляе летапіс, Аскольд і Дзір з флотам з 200 (360) судоў арганізавалі паход на Канстанцінопаль (Miklagård - "Вялікі Горад"), але попех, які спачатку спрыяў нападаючым, раптоўна адвярнуўся ад іх і "возвратишаяся Аскольд и Дир от Царяграда в мале дружине и бысть в Киеве плачь великий". Разам з тым, не гледзячы на паражэнне атрыманае ў Візантыі, варажска-славянскае войска у 867 г. здолела поўнасцю разграміць войска печэнегаў, якое несла пагрозу Кіеву.9 (ст.135-136)
У той час Рурык, замацаваўшыся ў якасці князя ў Ладазе і Ноўгарадзе, ўзяўся за вырашэнне пытанняў знешнешняй палітыкі, першым поспехам якой было "забеспячэнне бесперашкоднага руху і гандлю на Волхаўска-Волжскім шляху, якое выразілася ў аднаўленні з пач. 870-х гг. паступлення срэбра ў Скандынавію. Наступнай задачай Рурыка было вырашэнне спрэчкі з паўднёвай нармана-славянскай дзяржавай з цэнтрам ў Кіеве, але вынік гэтай барацьбы вырашыўся толькі пасля смерці рурыка, датаванай летапісам пад 879 г."3 (ст.104)
(Апошняя рэдакцыя: 23.04.2009)
|
|
Літаратура
- В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП "Экаперспектыва", 2000.
- Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск: "Беларуская энцыклапедыя" імя Патруся Броўкі, 1993.
- Ягор Новікаў. Ваенная гісторыя беларускіх земляў да канца XII стагоддзя (том 1). Мінск: выд. "І. П. Логвінаў", 2007.
- Вялікі гістарычны атлас Беларусі (у 3-х тамах). Том 1. Мінск, "Белкараграфія", 2009.
- Андрэй Катлярчук. Шведы ў гісторыі і культуры беларусаў. Вільня, Інстытут беларусістыкі, 2007.
- Л.В. Алексеев. Западные земли домонгольской Руси. Очерки истории, археологии, культуры. Книга 1. Москва: "Наука", 2006.
- Л.В. Алексеев. Западные земли домонгольской Руси. Очерки истории, археологии, культуры. Книга 2. Москва: "Наука", 2006.
- Г.С. Лебедев. Эпоха викингов в Северной Евпропе и на Руси. Санкт-Петербург: "Евразия", 2005.
- Г.В. Ласкавый. Викинги. Походы, открытия, культура. Минск, УП "Минская фабрика цветной печати", 2004.
Матэр'ялы ў Інтэрнэце
- В. Насевіч. Усё пачыналася з Русі.
- Славяне и скандинавы. Пер. с немецкого/ Общ. ред. Е. А. Мельниковой. - М.: Прогресс, 1986.
- Норманнская теория. Энциклопедия "Кругосвет"
- Бертинские анналы. Текст
- В. Егоров. Между варягами и греками.
- Радзівілаўскі летапіс. Тэкст
- Повесть временных лет. Оригинальный текст
- Повесть временных лет в переводе Д. С. Лихачёва
- Викинги. Энциклопедия "Кругосвет"
- Варяги. Материал из Википедии — свободной энциклопедии
- Swiat Slowian i Wikingow. Muzeum Archeologiczne w Poznaniu
- Норманнская теория происхождения русской государственности ее апологеты и критики.
- Кирпичников А.Н. Сказание о призвании варягов. Легенды и действительность.
- В. Чудинов. О том, как варяги "стали" немцами.
|
|