 |
|
|
"Лета Олеговы"
882 г.
- удзел крывічаў у паходзе Алега на Кіеў
885 г.
- падпарадкаванне Алегам радзімічаў
|
 |
Смерць Аскольда і Дзіра (882 г.). З гравюры невядомага мастака кн. XIX ст. (Дзяржаўны гістарычны музей. Масква). Крыніца: chron.eduhmao.ru
Алег паказвае малалетняга сына Рурыка Ігара, як сапраўднага спадчыннага валадара.
Пасля смерці Рурыка, з прычыны маленства яго сына Ігара (Ingvar), княская улада перайшла да Алега (Helgi), які, згодна з летапісам, даводзіўся Рурыку сваяком.d
У 882 г. Алег сабраў вялікае войска, ў склад якога ўваходзілі, як падае Лаўрэнцеўскі летапіс, варагі, чудзь, славены і "все Кривичи", што з'яўляецца сведчаннем удзелу ў ваенным паходзе не толька ізборска-пскоўскіх але і полацкіх крывічаў, уладанні якіх на той час знаходзіліся пад уплывам Ноўгарада.3 (ст.105)
Пасля паспяховай здабычы Смаленска і Любеча, Алег накіраваўся па Дняпры да Кіева, у якім княжылі Аскольд і Дзір. Там схаваўшы ваяроў у лодзях і выдаючы сябе за госця, які накіроўваўся ў Канстанцінопаль, Алег выклікаў Аскольда і Дзіра на сустрэчу, пад час якой тыя былі схопленыя, абвінавачаныя ў няправым захопе ўлады і забітыя.3 (ст.105)
Пасля ўмацавання ўлады ў Кіеве, Алег звярнуўся да падпарадкавання залежных ад хазараў зямель. У 883 г. ён заваяваў драўлян, у 884 г. перамог севяран, а ў наступным 885 г. пад уладу кіеўскага князя мірным чынам адыйшлі радзімічы. Такім чынам большая частка тых беларускіх земляў, якія былі заселены славянамі аказаліся падуладнымі Кіеву.3 (ст.105)
Вялізарная тэрыторыя ад Балтыйскага мора да ніжняга цячэння Дняпра, якую насялялі славянскія, балцкія і фіна-угорскія плямёны са сваімі моўнымі і культурнымі асаблівасцямі, была аб'яднаная палітычнай магутнасцю дружыннай нарманскай русі. Узніклае дзяржаўнае ўтварэнне характэрызавалася няўстойлівасцю, прычынай якой былі ўнутраныя і знешнія ўзрушэнні, а таксама адсутнасцю дзяржаўнага апарату і распрацаванага пісьмовага заканадаўства. Яго эканоміка была звязана толькі гандлем па водных шляхах, а ў астатнім распадалася на асобныя абшчыны, якія жылі з натуральнай гаспадаркі.3 (с.106)
Суседзі новай дзяржавы выкарыстоўвалі ў адносінах да яе і да зямель, якія ўваходзялі ў яе склад, у тым ліку беларускіх, назву "Русь", якая ў самой дзяржаве ўжывалася не ў этнічным, а ў сацыяльным сэнсе і першапачаткова абазначала дружыннікаў-грабцоў, а затым вайсковы кіруючы слой з прышлых нарманаў і мясцовай знаці.3 (с.106) Самымі ж нарманамі ў дачыненні да аб'яднанай тэрыторыі паміж Балтыйскім і Чорным морам ужывалася назва "Гардарыка" (Gårdarike) - краіна умацаваных гарадоў,5 (с.5) ўзвядзенне якіх значна пашырылася ў часы княжання Алега.b (st052) Прайшло амаль стагоддзе перш чым назва "Русь" набыла хаця б аддалённа зафіксаванае палітычнае і культурнае значэнне.3 (с.106)
(Апошняя рэдакцыя: 19.05.2009)
|
|
Экспансія Русі на поўдзень і на ўсход
907 г.
- удзел вайсковых сілаў з беларускіх земляў у паходзе Алега на Канстанцінопаль
|
 |
Старонка Радзівілаўскага Летапісу ў якім гаворыцца аб паходзе Алега на Канстанцінопаль. Крыніца: radzivil.chat.ru
Верхні малюнак: жорсткія паводзіны ваяроў Алега бліз Канстанцінопаля.
Ніжні малюнак: штурм Канстанцінопаля з выкарыстаннем караблёў пастаўленых на колы, што ўспрымаецца навукоўцамі як легенда.
Пасля ўладкавання ўнутрыдзяржаўных справаў, Алег пачаў рэхтаваць паход на Візантыю, багацце якой не давала спакою не аднаму пакаленню рабаўнічых нарманскіх дружын. Змаганне з моцнай цэнтралізаванай дзяржавай, якой з'яўлялася Візантыйская імперыя і якая валодала рэгулярнай арміяй і флотам, вымагала ўдзелу значных ваенных сіл.3 (ст.111) Таму арганізацыя пахода была вельмі маштабнай: акрамя дружыны самаго князя, пад сваімі сцягамі Алег сабраў "множество варягов, и славян, и чуди, и кривичей, и мерю, и древлян, и радимичей, и полян, и северян, и вятичей, и хорватов, и дулебов, и тиверцев, известных как толмачи",g якія выправіліся ў паход на 2000 караблях - лічба, якая падаецца навукоўцам непамерна завышанай.3 (ст.161)
Выправа на Візантыю ў складзе поліэтнічнага войска Алега - гэта першы зафіксаваны выпадак удзелу значных вайсковых сілаў з беларускіх земляў далёка па за межамі родных краёў.3 (ст.111)
Спустошыўшы ваколіцы Канстанцінопаля - "и много убийств сотворил в окрестностях города грекам, и разбили множество палат, и церкви пожгли. А тех, кого захватили в плен, одних иссекли, других замучили, иных же застрелили, а некоторых побросали в море"g - Алег прыступіў да аблогі горада, пасля чаго грэкі былі вымушаныя пайсці на мір.3 (ст.111)
У выніку Візантыя абавязалася даць выкуп: "И приказал Олег дать воинам своим на 2000 кораблей по 12 гривен на уключину, а затем дать дань для русских городов: прежде всего для Киева, затем для Чернигова, для Переяславля, для Полоцка, для Ростова, для Любеча и для других городов".3 (ст.109)
Акрамя таго, з Візантыяй была заключана дамова, якая з'явілася першым пісьмовым помнікам рускага права і вызначала многія нормы крымінальнага і гандлёвага права ў адносінах паміж абодвума дзяржавамі, і якая ў 911 г. была пацверджаная і дапоўненая і выконвалася абодвума бакамі да 941 г.3 (ст.109)
Частка алегава воінства вырашыла скарыстацца з наяўнасці значнай ўзброенай сілы і вырушыла ў паход на мусульманскія краіны Каспію. Іх напады адбываліся двойчы: у 910 г. і 911-912 гг., але ў абодвух выпадках яны былі разбітыя і панеслі вялікія страты.3 (ст.109)
(Апошняя рэдакцыя: 19.05.2009)
|
|
Русь у часы Ігара
930-я - 944 г.
- верагодны пачатак княжання Рагвалода ў Полацку
|
 |
Арабскія дырхемы VIII-X стст. са скарбу знойдзенага ў 1973 г. у в. Каз'янкі (ухаваны ў 940-я гг.; налічвае 7650 манет). (Полацкі гісторыка-культурны музей). Фота: © Р. Маісей
Пасля смерці Алега ў 912 г. улада перайшла да сына Рурыка - Ігара. Дзяржава, якая дасталася Ігару ў спадчыну перажывала складаны перыяд звязаны з праблемамі знешняй пагрозы і ўнутранага раладу. Актывізацыя качэўнікаў-печанегаў і імкненне зямель Русі выйсці з пад улады Кіева пахіснулі дабрабыт і палітычны ўплыў кіеўскага князя.3 (ст.111)
У 914 г. Ігар вёў вайну з драўлянамі, якія адмовіліся ад уплаты даніны, а перамогшы іх, усклаў на іх даніну, большую за ранейшую. Пасля былі заваяваны углічы, якія жылі ў міжрэччы Дняпра і Днястра.3 (ст.111) Мір з пячанегамі, які быў заключаны ў 915 г. доўга не пратрываўся і ў 920 г. Ігар ваяваў з імі.h
Удзел ў частых войнах падняў значэнне і ўплыў княскіх дружыннікаў, старэйшыя з якіх, як ваявода Свенельд (Suainaltr), мелі свае дружыны, карысталіся пэўнай незалежнасцю ад князя і былі надзелены прывілеямі кшталту права збору даніны. Каб выправіць цяжкае становішча і падняць аўтарытэт кіеўскі князь і яго дружына была вымушана зноў звярнуцца да арганізацыі рабаўніцкіх набегаў.3 (ст.112)
Так ў 941 г. была арганізавана выправа на Канстанцінопаоль, але ў першым жа сутыкненні флот русаў пацярпеў паражэнне. Многія караблі былі спалены "грэчаскім агнём", а камада - частка патанула, а частка была ўзята ў палон. Другі паход на Візантыю з войскам варагаў, русі і славян ў 943 г. скончыўся падпісаннем міру, а ў наступным годзе і новай дамовы з Візантыяй, у якой Полацк ужо не згадваўся.3 (ст.115)
У гаспадарчым жыцці ў часы княжання Ігара таргоўля пераважна складалася са збыта "палюддзя" - даніны з мясцовага насельніцтва. З павялічэннем ролі баярскай знаці распаўсюджваецца баярскае, і, верагодна, дружыннае земляўласданне. У сувязі з развіццём гандлёвых адносін з Візантыяй, шлях "з вараг у грэкі" пачынае адыгрываць усё большую ролю, аб чым сведчаць канцэнтрацыя кладаў у буйных гандлёвых цэнтрах, асабліва такіх як Гнёздава ля Смаленска, якое знаходзілася на месцы скрыжавання валочных шляхоў з Заходняй Дзвіны і з Волхава і Ловаці ў Днепр. Паступова нарастае працэс асіміляцыі варагаў і іх змешвання з славянскім асяроддзем.b (st052)
Паслабленне ўлады князя ў Кіеўскай дзяржаве стварыла ўмовы для існавання першых самастойных дзяржаўных утварэнняў на беларускіх землях. Дзяржаўнатворчы працэс, які распачаўся пры Рурыку з прыходам у Полацк яго "мужа" у 862 г., якога можна лічыць першым урадоўцам у беларускай гісторыі,3 (ст.134) набыў адасобленасць і пачаў развмвацца незалежна ад уплыву Кіева. Версія паходжання Рагвалода з нарвежскай каралеўскай дынасціі, які вымушаны быў вандраваць з прычыны выгнання з радзімы, дапускае верагоднасць з'яўлення яго ў Полацку якраз у перыяд ад пачатку 930-х да 944 г., калі Полацк не згадваецца ў дамове Русі з Візаныяй.3 (ст.119) Тым часам дрыгавічы і смаленскія крывічы пакуль засталіся ў складзе Кіеўскай дзяржавы.3 (ст.117)
Захад Беларусі працягвалі засяляць балцкія плямёны яцвігаў, якія ўжо на землях Пабужжа зведалі хвалю славянскай каланізацыі з боку дрыгавічаў і валынян. На паўночным-захадзе Беларусі знаходзілася яшчэ адно бплцкае племя - літва, паходжанне якога звязваюць з культурай ўсходнелітоўскіх курганаў. І яцвігі і літва перажывалі ў гэтыя часы працэс распаду родавага ладу і замены крэўнай структуры грамадства тэратарыяльнай. Між тым паступовае развіццё грамадскага ладу апынулася пад пагрозай далейшай экспансіі славян, у сувязі з чым роля племені ў яцвігаў і літвы змянялася ад адзінкі тэратарыяльнай арганізацыі да структуры, якая магла б забяспечыць бяспеку саплеменнікам і аказаць сапраціўленне ворагу. 3 (ст.119-121)
(Апошняя рэдакцыя: 20.05.2009)
|
|
Русь у часы Святаслава
965 - 972 гг.
- удзел Смаленскіх крывічаў і дрыгавічаў у ваенных паходах Святаслава
|
 |
Бітва русаў з хазарамі (па матэр'ялах раскопак у Старым Асколе, Кіеве і Гнёздаўскіх курганаў). Крыніца: varvar.ru
Пасля гібелі Ігара ад рук драўлян ў 945 г. кіраванне Кіеўскай дзяржавай узначаліла яго жонка Вольга. Жорстка расправіўшыся з драўлянамі, яна ў 947 г. адправілася ў наўгародскія землі ўсталёўваючы на сваім шляху аброк і даніну. Шлях яе на поўнач ляжаў не праз Смаленск, а праз Заходнюю Дзвіну, дзя ля вусця Віцьбы, як вызначаюць даследчыкі ўжо існавала паселішча - старажытны Віцебск, у якім княгіня заснавала пагост - цэнтр збору подаці. 6 (ст.61)
Гады мірнага кіравання Вольгі дазволілі Кіеўскай дзяржаве сабраць сілы для новай барацьбы, якую і распачаў з 964 г. пасталелы сын Ігара Святаслаў, імя якога яскрава сведчыць аб працэсе славянізацыі русі-нарманаў.3 (ст.117)
Для вядзення маштабных ваенных дзеянняў Святаславу таксама спатрэбілася наяўнасць ўсіх сіл Русі, якія складалі і ваенныя кантынгенты з беларускіх земляў смаленскіх крывічаў і дрыгавічаў.3 (ст.122)
Палітычныя інтарэсы Святаслава сутыкнуліся з інтарэсамі Хазарыі, якой плаціў даніну шэраг славянскіх плямёнаў, да ўлады над якімі прэтэндавалі і кіеўскія русы. У гэты час даннікамі хазараў маглі быць таксама і радзімічы з севяранамі. У такім выпадку ўсё сярэдняе Падняпроўе разам з Кіевам знаходзілася пад пагрозай нападу хазараў.3 (ст.122-123)
Між тым Хазарыя была фактычна вартаўніком волжскай часткі Волхаўска-Волжскага гандлёвага шляху і сваімі вайсковымі сіламі ахоўвала вялізныя прыкаспійскія прасторы ад нападаў качэўнікаў. Такім чынам палітычныя інтарэсы Русі ў гэтым выпадку супярэчылі эканамічным.3 (ст.123)
У 965 г. Святаслаў пайшоў на хазар і разбіў іхняе войска на чале з царом, узяўшы крэпасць Саркел, званую русамі Белай Вежай. У наступным годзе ён падпарадкаваў вяцічаў і абклаў іх данінай. Хазарыя, хоць і аднавіла сваю самастойнасць, але ўжо не магла адыгрываць ранейшай ролі на важнейшым гандлёвым шляху. У выніку Волхаўска-Волжскі шлях прыйшоў у заняпад, чаму спрыяла таксама і зніжэнне якасці арабскага серабра.3 (ст.123-124) З гэтага часу спыняецца паступленне куфіцкіх дырхемаў на Русь і, як след, заняпад шведскай Біркі, а разам і звязанае з ім Гнёздаўскае селішча бліз Смаленска. Месца арабскага серабра пачало займаць серабро з Заходняй Еўропы. З гэтага часу галоўнай лініяй камунікацый становіцца шлях "з вараг у грэкі" і асноўныя матэр'яльныя здабыткі гандлю з Міжмор'ем канцэнтруюцца ў Кіеве. Разам з Кіевам ва Ўсходняй Еўропе ўзрастае значэнне іншых буйных славянскіх цэнтраў: Кракава, Прагі і звязаных з імі гарадоў Сярэдняй Германіі.b (st052)
З перанясеннем асноўнага цяжара гандлю на Дняпроўскі шлях узрасла і роль Полацка, які валодаў выхадам у Балтыйскае мора па Дзвіне, што было нашмат зручнейшым за маршрут праз Ноўгарад па Волхаву. Такім чынам Полацк станавіўся прамым канкурэнтам Ноўгарада на шляху "з вараг у грэкі". Адгалінкаванне шляху на Прыпяць паспрыяла развіццю і гэтага рэгіёна Беларусі, дзе магчыма, у часы Святаслава, улічваючы перэарыентацыю увагі Кіева на паўднёвую частку Дняпроўскага шляху і на Балканы, дрыгавічы з цэнтрам у Туры таксама вярнулі сабе самастойнасць.3 (ст.127-128)
У пошуках новых каналаў папаўнення казны Святаслаў распачаў у 967 г. вайну з Балгарыяй, якая была скорана, а сам кіеўскі князь перабраўся ў Пераяславец на Дунаі. У 970-м ім была распачата вайна з Візантыяй, якае склалася для Русі не найлепей і закончылася падпісаннем новай дамовы. У 972 г. пад час вяртання з паходу войска Святаслава трапіла ў засаду печанегаў ля дняпроўскіх парогаў і бвло разбіта, сам князь загінуў.3 (ст.126)
(Апошняя рэдакцыя: 20.05.2009)
|
|
Міжусобная барацьба
980 (970) г.
- першае летапіснае паведамленне пра Полацкае і Тураўскае княствы.
980 г.
- захоп Уладзімірам Полацка (забойства Рагвалода і паланенне Рагнеды) і Турава.
|
 |
Меч каралінгскага тыпу (X ст.) знойдзены ў 1956 г. у Полацку на месцы курганнага могільніку (вага 1,26 кг, даўжыня 0,97 м). Кляймо Ulfberht (Полацкі гісторыка-культурны музей). Фота: © Р. Маісей
Пасля смерці Святаслава кіеўскім князем стаў яго сын Яраполк. Другі сын князяваў на зямлі драўлян, а пабочны сын Уладзімір быў князем у Ноўгарадзе. Неўзабаве паміж імі ўзнікла міжусобная барацьба. У 977 г. Яраполк выступіў супраць Алега, які ў баі і загінуў, а Яраполк заняў яго ўладанні. Удадзімір, спалохаўшыся за свой лёс, уцёк у Скандынавію і Яраполк стаў адзін княжыць на падуладнай Кіеву тэрыторыі. Але ў канцы 970-х Ўладзімір з варажскім войскам вярнуўся ў Ноўгарад.3 (ст.126)
У міжусобнай барацьбе двух братоў Святаслававічаў падтрымка Полацка, які знаходзіўся паміж уладаннямі Уладзіміра і Яраполка, з'яўлялася вельмі важнай для кожнага з бакоў. Абодва браты жадалі замацаваць палітычны саюз сваяцтвам і пасваталіся да Рагвалодавай дачкі Рагнеды (Ragnhilð). У выніку Уладзімір, які першы выправіў сватоў, атрымаў адмову. Прычынай былі як ягонае нізкае паходжанне (сын рабы - «робичич» са слоў Рагнеды; Уладзімір з'яўляўся сынам Мілушы, ключніцы княгіні Вольгі) так і палітычная стаўка на саюз з Кіевам, паколькі Волхаўска-Волжскі шлях, які непасрэдна меў дачыненне да Ноўгарада, да 970-980-х гг. канчаткова заняпаў. З'яўляючыся канкурэнтам Ноўгарада па Дняпроўскаму шляху, Полацк не быў зацікаўлены ў саюзе з ім. З другога боку і Ноўгарад, не дамогшыся саюзу, быў зацікаўлены ў прыніжэнні Полацка.3 (ст.127-128)
У адказ за адмову Рагнеды Уладзімір напаў на Полацк: "Владимир же собрал много воинов - варягов, словен, чуди и кривичей - и пошел на Рогволода. А в это время собирались уже вести Рогнеду за Ярополка. И напал Владимир на Полоцк, и убил Рогволода и двух его сыновей, а дочь его взял в жены".g
Пра лёс Турава, дзя трымаў уладу князь Туры, не згадвае ніводная крыніца. Адсутнасць звестак аб ваенных дзеяннях вакол яго дае падставу мяркаваць, што Тураў без барацьбы саступіў сваю ўладу Уладзіміру.3 (ст.129)
Пасля Уладзімір накіраваўся да Кіева, які ўзяў у аблогу. Яраполк перабег ў крэпасць Родзень, дзе пад час спробы дамовіцца з Уладзімірам быў забіты. Пасля захопу ўлады Уладзімірам, варажскія атрады - памагатыя ў яго барацьбе - запатрабавалі выкуп за Кіеў, але Уладзімір, пасля заканчэння тэрміна, у які ён абавязаўся заплаціць, не даў ім нічога, а замест гэтага адправіў іх служыць ў Візантыю, напярод папрасіўшы візантыйскага ўладара: "сюда не пускай ни одного".g
(Апошняя рэдакцыя: 20.05.2009)
|
|
Літаратура
- В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП "Экаперспектыва", 2000.
- Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск: "Беларуская энцыклапедыя" імя Патруся Броўкі, 1993.
- Ягор Новікаў. Ваенная гісторыя беларускіх земляў да канца XII стагоддзя (том 1). Мінск: выд. "І. П. Логвінаў", 2007.
- Вялікі гістарычны атлас Беларусі (у 3-х тамах). Том 1. Мінск, "Белкараграфія", 2009.
- Андрэй Катлярчук. Шведы ў гісторыі і культуры беларусаў. Вільня, Інстытут беларусістыкі, 2007.
- Л.В. Алексеев. Западные земли домонгольской Руси. Очерки истории, археологии, культуры. Книга 1. Москва: "Наука", 2006.
- Г.С. Лебедев. Эпоха викингов в Северной Евпропе и на Руси. Санкт-Петербург: "Евразия", 2005.
Матэр'ялы ў Інтэрнэце
- В. Насевіч. Усё пачыналася з Русі.
- Славяне и скандинавы. Пер. с немецкого/ Общ. ред. Е. А. Мельниковой. - М.: Прогресс, 1986.
- Радзівілаўскі летапіс. Тэкст
- Олег Вещий. Материал из Википедии — свободной энциклопедии
- Русско-византийская война 907 года. Материал из Википедии — свободной энциклопедии
- Повесть временных лет. Оригинальный текст
- Повесть временных лет в переводе Д. С. Лихачёва
- Игорь Рюрикович. Материал из Википедии — свободной энциклопедии
- Киевская Русь в X веке.
- Ольга (княгиня Киевская). Материал из Википедии — свободной энциклопедии
|
|