БЕЛАРУСЬ 
  • ГІСТОРЫЯ
  •  
    Умацаванне дзяржаўнасці  
      980-я - 1044 гг.  

    Пасля аднаўлення дынастыі Рагвалодавічаў, якое адбылося з вяртаннем у Полацк Ізяслава, і пасля пашырэння межаў падуладных зямель падчас княжання Брачыслава Полацкае княства стала грозным сапернікам Кіева. Намаганні Святаполка вызваліць Тураўскаага княства з пад улады Кіева аказаліся дарэмнымі і яно працягвала знаходзіцца ў складзе Кіеўскай дзяржавы разам з радзімічамі. На Панямонні ў супрацьстаянні экспансіі Полацка і Кіева набіралі моц і гуртавалі сілы балцкія плямёны.

    90000 г. да н.э.- VIII ст. IX - пач. XIII ст. XIII ст. - 1569 г. 1569 - 1795 гг. кн. XVIII ст. - 1917 г. 1917 - 1991 гг.
    << >>
     

    Умацаванне цэнтральнай улады
    984 г. - падпарадкаванне Уладзімірам радзімічаў
    988 - 1015 гг. - час княжання Святаполка Уладзіміравіча ў Тураве
    989 - 1001 гг. - час княжання Ізяслава Уладзіміравіча ў Полацку
    Перамога Воўчага Хваста, ваяводы кіеўскага князя Уладзіміра Святаслававіча, над радзімічамі на рацэ Пішчане ў 984 г.
    Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу.

    Пасля падпарадкавання Полацка і Турава і замацавння ўлады ў Кіеве ў канцы 970-х гг. (пач. 980-х) першачарговымі задачамі Уладзіміра былі вяртанне земляў, якія адпалі ад Кіева падчас міжусобных войнаў і раней, а таксама забяспечанне межаў сваёй дзяржавы і заваявання іншых стратэгічна важных тэрыторый. 3 (ст.10)

    Першым крокам ваеннай палітыкі Уладзіміра ў дачыненні да беларускіх земляў быў паход на яцвягаў, які, верагодна, быў звязаны з намаганнямі Кіева адваяваць ў Польшчы чэрвенска-перамышльскія землі, ў свой час адабраныя ў Русі князем Мешкам. Як паведамляе летапіс, у 983 г. Уладзімір рушыў на "Ятвяги и победи Ятвяги и всю землю их."3 (ст.10)

    Наступны паход на беларускія землі адбыўся ў наступным годзе і быў накіраваны супраць радзімічаў, якія карысталіся незалежнасцю ад Кіева яшчэ з часоў Ігара. У 984 г. на р. Пішчане ваявода кіеўскага князя Воўчы Хвост разбіў радзімічаў і яны трапілі пад уладу Кіева. 3 (ст.10) Між тым, уваход радзіміцкага Пасожжа ў склад Кіеўскай Русі даў дадатковы штуршок развіццю рэгіёна і яго цэнтру Гомеля. У канцы X - пачатку XI стст. старыя ўмацаванні вакольнага горада былі знішчаны і адсунуты далей на захад, што дало магчымасць павялічыць плошчу ўмацаванага паселішча да 10 га. У гэты час Гомель пачынае пераходзіць на правы бераг ручая Гамеюк, дзе развіваецца пасад. Адначасова ішло фарміраванне іншых паселішчаў, як напрыклад на месцы Чачэрску і Крычава.1 (ст.202)

    З мэтай узмацнення цэнтральнай улады і каб пакласці канец існаванню племянных княжанняў Уладзімірам была праведзена адміністрацыйная рэформа, сутнасць якой зводзілася да ўсталявання "лесвічнай" сістэмы кіравання, якая прадугледжвала ратацыю намеснікаў у падуладных гарадах з ліку сыноў Уладзіміра паводле старшынства. Так кіраванне найбольш важнай Наўгародскай зямлёй было даручана старэйшаму сыну Уладзіміра Вышаславу. Пасля смерці старэйшага сына яго месца павінен быў заняць наступны, іншыя перасоўваліся па іерархічнай лесвіцы на адну прыступку ўгору.3 (ст.12)

    Адпаведныя прызначэнні мелі месца і на беларускіх землях. У Тураве на намесніцтва быў прызначаны Святаполк, які паводле адной з версій даводзіўся Уладзіміру прыёмным сынам. Праз працяглы час пасля забойства Рагвалода ў Полацку стаў княжыць Ізяслаў, сын уладзіміра і Рагнеды. Ізяслаў, як сын дачкі Рагвалода, меў права на яе бацькаўшчыну, названую ў летапісе яе "отчиной": "воздвигни отчину ея, и дай ей и сыном своим".1 (ст.216) На "отчину" Рагнеда з сынам былі высланы Уладзімірам пасля спробы замаху Рагнеды на жыццё Уладзіміра. Першапачатковым месцам іх пасялення быў спецыяльна адбудаваны для іх высылкі горад-крэпасць Ізяслаў (Заслаўе). Мяркуецца, што вяртанне Ізяслава і Рагнеды Ў Полацк адбылося пасля таго, як там быў адбудаваны новы дзядзінец - Верхні Замак.9 (ст.33-34)

    Яшчэ адным крокам, які меўся вырашыць праблему паяднання рознаэтнічнай Кіеўскай дзяржавы, было рашэнне Уладзіміра аб перасяленні падданых з адных мясцовасцяў, у тым ліку з беларускіх земляў, у іншыя. Так у мэтах абароны паўднёвай мяжы ад печанегаў, Уладзімір "нача ставити городы..., и поча нарубати муже лучьшие от Словенъ, и отъ Кривичь, и отъ Чюди, отъ Вятичь, и отъ сих насели грады".3 (ст.11)

    (Апошняя рэдакцыя: 10.07.2009)

    Увядзенне хрысціянства
    988 г. - пачатак распаўсюджання хрысціянства на Беларусі
    992 г. - стварэнне Полацкай епархіі
    1009 г. - першыя згадкі аб Літве
    Каменны крыж, выраблены з ранейшага стода (стода Мары?) з-пад Даўгінава Вілейскага раёна. Крыніца: http://media.catholic.by

    Дзяля узмацнення цэнтральнай удады Уладзімірам быў прадпрыняты рашучы крок накіраваны на ўвядзенне хрысціянства, чаму папярэднічала няўдалая спроба кіеўскага князя па стварэнню агульнадзяржаўнага паганскага пантэона.3 (ст.10)

    У Полацку, верагодна, хрысціянства было прынята прадстаўнікамі вышэйшай знаці ўслед за афіцыйным увядзеннем яго ў Кіеве ў 988 г. Скандынаўскія крыніцы звязваюць распаўсюджанне хрысціянства ў Полацку з місіянерскай дзейнасцю варага Торвалда Кондрансана празванага Вандроўнік, на якога ў Візантыі імператарам была ўскладзена місія распаўсюджання новай веры на ўсёй Русі.5 (ст.23)

    Акрамя таго, як паведамляе летапіс, сам князь Ізяслаў быў вельмі набажны і "прилежаще прочтению божественных писаний". Таксама існуе паведамленне аб Рагнедзе-манахіні, якая правяла апошнія гады свайго жыцця ў манастыры пад іменем Анастасіі.1 (ст.280)

    Місія распаўсюджання новай веры ў Тураве была ўскладзена на Святаполка. Усталяванне хрысціянства суправаджалася крывавымі падзеямі, звесткі аб якіх дайшлі ў форме паданняў аб каменных крыжах, якія прыплывалі ў горад на Прыпяці, калі вада ў рацэ была чырвоная ад крыві. У мясцовых паданнях Турава ўзгадвалася імя пакутніка Дыянісія, які прапаведваў тут пасля Тура і быў забіты міхнаўцамі, продкаў якіх звязваюць з назвай в. Міхнавічы (Калінкавіцкі р-н). Згодна з паданнем, сам князь Уладзімір заснаваў пад Пінскам Лешчынскі манастыр.1 (ст.282)

    З распаўсюджаннем хрысціянства звязана і першая згадка аб Літве. Як сведчаць Кведлінбурскія аналы, 9 сакавіка 1009 г. "святы Бруна, які мянуецца Баніфацыем, арцыбіскуп і манах, пакараны смерцю паганцамі ў памежнай мясцовасці Русі і Літвы... з васемнадцаццю сваімі спадарожнікамі". Па меркаванню некаторых гісторыкаў (Т. Баранаўскас) месца гібелі Бруна знаходзіцца на р. Ятры, прытоку Моўчадзі, які працякае па тэрыторыі сучасных Навагрудскага і Дзятлаўскага раёнаў.3 (ст.29)

    Негдедзячы на жорсткія захады па ўсталяванню новай веры, пазіцыі паганскай рэлігіі заставаліся даволі моцнымі. У такіх умовах хрысціянская царква пайшла па шляху змешвання з існуючымі язычніцкімі традыцыямі. Як прыклад - паганскія ідалы, якім пазней, з мэтай прыцягнуць насельніцтва да хрысціянства, надавалася форма крыжа. З іншага боку само хрысціянская царква засвоіла шэраг язычніцкіх уяўленняў і абрадаў і прастасоўвалася да язычніцкага святочнага календара.1 (ст.283)

    Па структурнай пабудове царква прадугледвала наяўнасць цэнтралізаванага кіравання. На чале царквы на Русі стаяў мітрапаліт, які назначаўся канстанцінопальскім патрыярхам, а ўся усходнеславянская царква была часткай візантыйскай царквы, паводле правіл якой царкоўная структура павінна была адпавядаць структуры свецкай улады. Таму ў канцы X - пачатку XI стст. ва Ўсходняй Еўропе пачалі стварацца царкоўныя акругі - епархіі. (епіскапіі).1 (ст.283)

    Гісторыкі праваслаўнай царквы выказваюць меркаванне, што, напэўна, у 992 г. была створана Полацкая епархія. У другой пісьмовай крыніцы гаворыцца пра заснаванне ў Тураве кафедры вялікім князем Уладзімірам у 1005 г. Дакумент уяўляе сабой сваеасаблівую ўстаноўчую грамату Тураўскай епархіі, дадзенай на імя Уладзіміра з пералікам гарадоў, якія ўваходзілі ў епархію. У грамаце названы першы епіскап Фама, сярод пералічаных гарадоў - Пінск, Наваградак, Гародня, Берасце, Ваўкавыск, Слуцк, Копысь і інш.1 (ст.283)

    Разам з тым, з утварэннем новых епархій узмацняўся уплыў мясцовых князёў на царкву, аслаблялася ўлада кіеўскага мітрапаліта. Таму князі настойліва дамагаліся назначэння пажаданых ім кандыдатаў на епіскапства ў сваіх землях і нярэдка мелі ў гэтым поспех.1 (ст.283)

    Хрысціянства адпавядала адзінаўладдзю князя ў дзяржаве, а значыць, духоўна асвячала гэтую ўладу, а духавенства падтрымлівала яе і было ёй апорай.1 (ст.285)

    (Апошняя рэдакцыя: 10.07.2009)

    Шляхі да самастойнасці і час міжусобіц
    1001 (1003) - 1044 гг. - час княжання Брачыслава Ізяслававіча ў Полацку
    1017 (1019) г. - першыя летапісныя згадкі аб Берасці
    Наканечнік ножнаў мяча (Х-XI стст.) з Франопаля (Брэсцкі р-н).2 (ст.631)

    Пасля смерці Ізяслава ў 1001 г. ўлада ў Полацку, насуперак "лесвічнай" сістэме кіравання Уладзіміра, перайшла да аднаго з сыноў Ізяслава. Гэта быў альбо малавядомы Усяслаў, смерць якога летапіс згадвае пад 1003 г., альбо Брачыслаў3 (ст.12) Па меркаванню гісторыкаў гэтая падзея азначала выхад Полацка з пад улады Кіева і аднаўленне дынастыі Рагвалодавічаў. У далейшым полацкія князі лічылі сябе Рагвалодавымі ўнукамі па жаночай лініі і бацькаўшчыну сваю вялі не ад падаравання Уладзіміра, а па лініі спадчыны ад Рагвалода.1 (ст.216)

    Летапісы не ўтрымліваюць звестак аб ранніх гадах кіравання Брачыслава ў Полацку, што тлумачыцца як малалецтвам Брачыслава, так і тым, што пакуль у Кіеве княжыў Уладзімір, Полацкае княства не магло праводзіць сваю знешнюю палітыку, бо адразу сустрэла б арганізаваны адпор з боку уладзіміравых сыноў.1 (ст.152)

    Між тым жаданне пазбавіцца залежнасці ад Кіева нарастала і ў іншых землях. Прыкладам можа служыць палітыка тураўскага князя Святаполка, які вырашыў вызваліцца з пад улады Кіева з дапамогай польскага князя Баляслава Храбрага. Дзяля гэтага ў 1012 г. Святаполк узяў шлюб з дачкой Баляслава, якая прыехала ў суправаджэнні свайго духоўніка епіскапа Рэйнберна. У канцы 1012 г. Святаполк, яго жонка і епіскап былі схоплены па загаду Уладзіміра і пасаджаны ў турму. У Тураве Рэйнберн загінуў у адзіночным зняволенні. Лёс жонкі Святаполка застаўся невядомы, а яго самога, па адной з версій, па просьбе кіеўскага баярства Уладзімір вызваліў, аднак пакінуў пад сваім наглядам у Вышгарадзе,1 (ст.172) альбо той заставаўся рэгентам пры Уладзіміры.3 (ст.21) Па другой версіі Святаполк сядзеў у вязніцы ў Кіеве да самай смерці Уладзіміра.3 (ст.18)

    Баляслаў не мог дараваць арышту дачкі і зяця, а таксама правал планаў свайго ўплыву на Тураўшчыну і каля 1013 г. ён напаў на Русь пры падтрымцы нямецкіх наймітаў. Падчас гэтага паходу, магчыма, Баляславу ўдалося захапіць Берасце.3 (ст.13)

    Услед за Туравым непакорнасць праявіў Ноўгарад, у якім месца памерлага Вышаслава заняў наступны сын Уладзіміра Яраслаў, які да таго знаходзіўся ў Растове.3 (ст.12) У 1014 г. Ноўгарад перастаў выплочваць штогадовую даніну кіеўскаму князю і Уладзімір рыхтаваў сілы для карнага паходу, але пад час яго падрыхтоўкі 15 ліпеня 1015 г. памёр у Кіеве.1 (ст.172)

    Пасля смерці Уладзіміра паміж яго сынамі разгарнулася міжусобная барацьба за права уладарыць у Кіеве. Спачатку месца Уладзіміра заняў адзін з ягоных сыноў, асоба якога дакладна не высветлена. Згодна з летапіснымі крыніцамі, гэта быў Святаполк, які меў пераважныя правы паводле прававых норм, усталяваных Уладзімірам, і які дзяля забяспечання перамогі і умацавання сваёй улады забіў сваіх братоў Барыса і Глеба.1 (ст.172) Між тым па іншай версіі, якая апіраецца на іншыя крыніцы ("Пасма аб Эймундзе") атрымоўваецца, што першаым, хто заняў месца Уладзіміра быў Барыс.3 (ст.16) Яраслаў, які знаходзіўся ў Ноўгарадзе, наняў варажскую дружыну Эймунда Хрынгсана і рушыў на Кіеў. У канцы 1015 ці 1016 г. ля Кіева (пад Любечам на Дняпры) адбылася бітва паміж Яраславам і кіеўскім князем, у якой Яраслаў перамог і заняў Кіеў. Ягоны сапернік уцёк.3 (ст.22)

    Нарманская дружына Эймунда, не атрымаўшы належнай платы за службу, паведаміла Яраславу аб намеру перайсці на службу да полацкага князя Брачыслава. Падступны план Яраслава замаху на Эймунда не удаўся і Эймунд з дружынай уцёк у Полацк.3 (ст.20)

    У тым жа годзе Яраслаў беспаспяхова паспрабаваў адбіць у палякаў Берасце і, магчыма, узяў і спустошыў Тураў. У наступным 1018 г. Баляслаў разам з Светаполкам выступіў на Русь. У склад іх войска ўваходзілі палякі, немцы, венгры, печанегі, і верагодна, пэўная колькасць дружыннікаў Святаполка з Турава. Разбіўшы Яраслава на р. Буг, Баляслаў і Светаполк занялі Кіеў. Яраслаў ўцёк у Ноўгарад.3 (ст.20)

    Пасля адыходу войскаў Баляслава, Яраслаў пры падтрымцы наўгародцаў ізноў выправіўся ў паход на Кіеў. У канцы 1018 ці пачатку 1019 г. ён разбіў Святаполка і канчаткова захапіў уладу у Кіеве.3 (ст.20) Тураўскае княства было зноў уключана у склад агульнай Кіяўскай дзяржавы.1 (ст.173)

    (Апошняя рэдакцыя: 10.07.2009)

    Умацаванне Полацка
    1021 г. - напад Полацка на Ноўгарад і бітва на р. Судоме
    Пояс дружынніка (кан.Х - пач.XI стст.). Рэканструкцыя Ю. А. Зайца па матэрыялах раскопак ў Заслаўі.

    Міжусобная барацьба паміж сынамі Уладзіміра стварыла спрыяльныя умовы для развіцця Полацка. Доўгі перыяд міру дазволіў полацкім князям займацца як мірным дзяржаўным будаўніцтвам, так і нарошчваннем вайсковай моцы.3 (ст.24)

    У 1021 г., у той час як увага Яраслава была засяроджана на паўднёвым і заходнім накірунках і пакуль, верагодна, наўгародскія вайсковыя сілы знаходзіліся яшчэ ў Кіеве, князь Брачыслаў "приде... с вои и с Полотска на Новгород и взя Новгород".3 (ст.24) Як сведчыць скандынаўская сага, ініцыятарам нападу на Ноўгарад быў Эймунд, які такім чынам вырашыў адпомсціць Яраславу, і што ў рукі пераможцаў нават папала жонка Яраслава княжна Інгегерда.8 (ст.6)

    Горад быў захоплены и разрабаваны. Калі Брачыслаў вяртаўся з Ноўгарада ў Полацк, яго сустрэлі войскі кіеўскага князя Яраслава і ў бітве на р. Судоме, як паведамляе летапіс "победи Ярослав Брячислава".1 (ст.153)

    Але замацаваць перамогу ў бітве і развіць яе ў поўную перамогу над Полацкам Яраславу не ўдалося. Верагодна, войска кіеўскага князя ў значнай ступені складалася з наўгародцаў, для якіх было важней вярнуць нарабаванае і палон, чым працягваць вайну з Полацкам. Таму Брачыславу ўдалося вярнуцца ў Полацк, захаваўшы свае вайсковыя сілы, частку якіх складала і дружына Эймунда.3 (ст.25)

    Улічваючы складанае становішча ў іншых падуладных Кіеву землях Яраслаў не мог дазволіць сабе поўнамаштабную вайну з Полацкам. Пасля перагавораў з Брачыславам Яраслаў заключыў з Полацкім княствам мір і аддаў ва ўладанне полацкага князя Віцебск і Усвяты, якія кантралявалі паўночную частку валокаў на днепра-дзвінскім шляху "з вараг у грэкі".1 (ст.153,202)

    Атрыманне кантролю над валокамі было эканамічным замацаваннем незалежнасці Полацка.1 (ст.153) Прыніжэнне Ноўгарада, якога дамогся Брачыслаў праз напад на яго, паніжала давер купцоў, якім была важна бяспека руху тавараў, да гэтага гандлёвага цэнтра. Такім чынам частка таварных плыняў была перанакіравана з Волхава на Дзвіну, праз Полацк.2 (ст.25)

    Акрамя таго, мірныя адносіны і эканамічная выгада Полацка дапаўняліся ваенна-палітычным саюзам з Кіевам: "И воеваша Брячислав съ Ярославом вся дни живота своего". Між тым ні ў адным апісанні важных ваенных выпраў Яраслава не згадваецца дапамога яму з боку Брачыслава.2 (ст.26)

    Са скандынаўскіх крыніц ("Сага аб Эймундзе") вынікае, што Брачыслаў пасля заключэння міру паміж ім і Яраславам тры гады правёў у Кіеве. Адныя адносяць магчымасць гэтай падзеі да 1019-1021 гг., іншыя - да 1024-1026 гг. Па іншаму меркаванню, "двор Брачиславль", як ён называецца ў летапісе, мог быць пабудаваны полацкім князем для сваіх купцоў.1 (ст.153)

    Між тым ваенная палітыка Яраслава не прынесла яму жаданага поспеху. Спробы адваяваць у 1022 г. Берасце, верагодна, калі лічыць аб замоўчванні вынікаў гэтага пахода ў летапісах, скончыліся для Яраслава няўдала. Распачатая ў 1023 г. вайна з Мсціславам таксама склалася для кіеўскага князя непаспяхова і ў 1026 г. паміж імі быў заключаны мір на нявыгадных для Яраслава ўмовах.3 (ст.25)

    Існуе меркаванне што ў часы княжання Брачыслава тэрыторыя паўночных дрыгавічаў - Менская воласць трапляе пад уладу Полацка пасля яе перадачы Яраславам Брачыславу Ізяслававічу ў 1024 г. з мэтай замацаваць з ім саюз для супрацьстаяння Мсціславу. Гэта магло таксама адбыцца і ў 1038-1044 гг., калі кіеўскі князь Яраслаў ажыццявіў некалькі паходаў супраць Літвы і яцвягаў, у кіх дапускаецца удзел Брачыслава.1 (ст.155)

    Паўднёвая мяжа Полацкага княства з Кіеўскай дзяржавай, верагодна, праходзіла па незаселяных лясных абшарах у верхнім цячэнні Нёмана, ішла да яго прытока Лошчы, вытокаў Случы і выходзіла да вярхоўяў Пцічы. На поўдзень ад мяжы размяшчаліся скопішчы слуцкіх паселішчаў Турава-Пінскай зямлі. З уступкай валокаў ля Усвят і ў вусці р. Віцьбы мяжа Полацкага княства ў гэтым рэгіёне пралягла ў бязлюднай лясной зоне на ўсход ад р. Лучосы.9 (ст.22)

    (Апошняя рэдакцыя: 10.07.2009)

    Наступ на Панямонне
    Гарадзішча “Талерка” (Х-XI стст.) ля Саннікаў (Дзятлаўскі р-н) - адно з паселішч славян на землях балтаў. Крыніца: http://dzyatlava.by

    Пашырэнне тэрыторыі Полацкага княства на захад суправаджалася сутыкненнямі з балцкімі плямёнамі. Пранікненне славян на балцкія землі было працягам ранейшага працэсу славянскай каланізацыі, які суправаджаўся займаннем прыдатных да гаспадарання земляў і змешваннем з балцкім насельніцтвам. У адрозненне ад ранейшай каланізацыі, якая адбывалася пад націскам качэўнікаў, асноўным рухавіком працэсу у канцы X - пачатку XI стст. было эканамічнае развіццё Русі, якое вяло да росту насельніцтва. Каланізацыя адбывалася пад моцным уплывам і кантролем Полацкага і Кіеўскага княстваў, якія маглі накіроўваць працэс каланізацыі ў сваіх інтарэсах. Апорай руху славян былі умацаваныя гарады, якія выконвалі функцыі адміністрацыйных, эканамічных і культурных цэнтраў.3 (ст.27-28)

    Нарошчванне сваёй магутнасці коштам далучэння новых земляў заселеных балтамі было аднолькава важна як для Полацка так і для Кіева. Акрамя таго, што земля ўяўлялі сабой крыніцу багатых прыбыткаў і вайсковай сілы, яны былі важнай стратэгічнай пазіцыяй, якая узмацняла ваенна-палітычнае значэнне Полацка і Кіева ў рэгіёне. Разам з тым, і для Полацка і для Кіева балцкія землі служылі добрым плацдармам для нападу на ўладанні адзін аднога. Таму Полацк і Кіеў, будучы ў саюзе і дапамагаючы адзін аднаму ў справе каланізацыі Панямоння, мелі ўсе падставы да адстойвання найперш сваіх інтарэсаў і ўзаемнага недаверу.3 (ст.35-36)

    У 1038 г. Яраслаў, у працяг палітыкі свайго бацькі, ажыццявіў паход на яцвягаў, якія, верагодна, да таго часу адпалі ад Кіева. Але вынік паходу быў не вельмі ўдалым, і як паведамляе Цвярскі летапіс, Яраслаў "не можаху ихъ взяти". Між тым ужо ў 1040 г. Яраслаў прадпрыняў паход на Літву. У якасці апорных пунктаў наступу Кіева на Панямонні з'яўляліся гарады: Ваўкавыск, Навагародак і інш.3 (ст.29-31)

    Наступ Полацка на Літву і Нальшаны таксама быў адзначаны будаўніцтвам умацаваных гарадоў. Найстарэйшым з іх на мяжы з Літвой быў горад-крэпасць Заслаўе, узведзяны яшчэ Уладзімірам. Яшчэ адным умацаваным пунктам была крэпасць на р. Менцы, якая, верагодна, з'яўляецца згаданым пад 1067 г. летапісным Менскам. На поўнач ад Менску, на беразе р. Гайны палачанамі быў заснаваны Лагойск. Нарэшце, на крайнім паўночным захадзе, у Нальшанах на месцы спаленага балцкага паселішча быў закладзены Браслаў, сама назва якога, па меркаванню даследчыкаў, паходзіць ад імені Брачыслава. На месцы знішчанага балцкага паселішча паўстала і іншая полацкая крэпасць - Дрысвяты.3 (ст.33-34)

    Між тым, упартая барацьба з Руссю загартавала балцкія плямёны і дало моцны штуршок унутранаму развіццю іх грамадства і спрыяла скарэйшаму ператварэнню яго з патрыярхальнага у дзяржаўнае.3 (ст.36-37)

    (Апошняя рэдакцыя: 10.07.2009)

    Літаратура
    1. В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП "Экаперспектыва", 2000.
    2. Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск: "Беларуская энцыклапедыя" імя Патруся Броўкі, 1993.
    3. Ягор Новікаў. Ваенная гісторыя беларускіх земляў да канца XII стагоддзя (том 2). Мінск: выд. "І. П. Логвінаў", 2008.
    4. Вялікі гістарычны атлас Беларусі (у 3-х тамах). Том 1. Мінск, "Белкараграфія", 2009.
    5. Баўтовіч М. М. Дарогі Торвалда Кодрансана - "Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі". Матэрыялы V Міжнароднай навуковай канферэнцыі (24-25 кастрычніка 2007 г.). - Полацк, 2009.
    6. Андрэй Катлярчук. Шведы ў гісторыі і культуры беларусаў. Вільня, Інстытут беларусістыкі, 2007.
    7. Л.В. Алексеев. Западные земли домонгольской Руси. Очерки истории, археологии, культуры. Книга 1. Москва: "Наука", 2006.
    8. Л.В. Алексеев. Западные земли домонгольской Руси. Очерки истории, археологии, культуры. Книга 2. Москва: "Наука", 2006.
    9. Л.В. Алексеев. Полоцкая земля. Наследие полоцкой земли. Выпуск 5. Полоцк, издатель А.И. Судник, 2007.
    10. Лавыш К. А. Художественные традиции восточной и византийской культуры в искусстве средневековых городов Беларуси. (X-XIV вв.). Минск, "Белорусская наука", 2008
    Матэр'ялы ў Інтэрнэце
    1. История Беларуси: восстановление полоцкой династии. www.belarus.by
    2. История Беларуси: Туровская земля. www.belarus.by
    3. В. Насевіч. Усё пачыналася з Русі.
    4. Радзівілаўскі летапіс. Тэкст
    5. Повесть временных лет. Оригинальный текст
    6. Повесть временных лет в переводе Д. С. Лихачёва
    7. Владимир Святославич. Материал из Википедии — свободной энциклопедии
    << Папярэдняя старонка Наступная старонка >>