 |
|
|
Экспансія на захад
1044 - 1101 гг.
- княжанне Усяслава Брачыслававіча ў Полацку
|
 |
Залаты віты персцень з выспы Готланд. XI ст. Знойдзены на Верхнім замку ў Полацку ў 1978 г. (Раскопкі В.А. Булкіна)
Пасля смерці Брачыслава Ізяслававіча ў 1044 г. на княжанне ў Полацку сеў яго сын Усяслаў, які пасля атрымаў прозвішча Чарадзей. На пачатковым этапе свайго княжання Усяслаў быў прадаўжальнікам палітыкі свайго бацькі. Мяркуецца, што працяг яе закрануў у першую чаргу заходні накірунак, што знайшло ўвасабленне ва ўмацаванні ўлады Полацкага княства на тэрыторыі Ніжняга Падзвіння.1 (ст.156)
З XI ст. пачынаюць развіваюцца гарады-цэнтры ніжнепадзвінскіх княстваў Герцыке і Кукенойс. Заснаванне Усяславам гэтых гарадоў дазволіла полацкім князям кантраляваць не толькі Ніжняе Падзвінне, але і рух па Балтыйскім моры,1 (ст.156) а таксама падтрымліваць прамыя кантакты з Скандынавіяй.
Характар падпарадкавання балтаў Ніжняга Падзвіння Полацку праяўляўся як у выплаце даніны, так і ў форме аб'яднання дружын. Лічыцца, што ў час княжання Усяслава Чарадзея адносіны з балцкімі плямёнамі насілі мірны, дамоўны характар. Сведчаннем гэтага з'яўляецца адсутнасць у летапісах звестак аб ваенных сутыкненнях дружын Усяслава з балтамі, а таксама магчымасць ажыццяўлення Усяславам знешняй палітыкі у іншых напрамках, што было б немагчымым пры неабходнасці канцэнтрацыі дружын на заходнім рубяжы Полацкага княства.1 (ст.156)
Разам з тым аж да 1-й паловы XII ст. полацкія князі ўзымалі даніну з яцвяжскіх і літоўскіх плямён.6 (ст.26) На Панямонні - перыферыі ўсходнеславянскай каланізацыі не існавала гарадоў, якія развіваліся з племянных цэнтраў. Усе гарады ўзніклі ў асяроддзі сельскіх паселішчаў, у месцах дзе былі найбольш спрыяльныя умовы для заняткаў земляробствам. У XI ст. на аснове паселішчаў, якія ўзніклі пры асваенні славянамі Верхняга Панямоння пачынаюць фарміравацца раннегарадскія цэнтры ў Гародні, Навагрудку, Ваўкавыску, Слоніме, крыху пазней - у Турыйску. Гарады першапачаткова выконвалі функцыі і памежных крэпасцей, і адміністрацыйных цэнтраў і княжацкіх сядзіб (замкаў). Гарады Панямоння належалі да ліку невялікіх з агульнай умацаванай плошчай ад 1,5 да 5 га.1 (ст.210)
Падтрыманне міру з балтамі стала вынікам працягу палітыкі Брачыслава, якая грунтавалася на захаванні мірных адносін з мясцовым балцкім насельніцтвам і распаўсюджанні на балцкую тэрыторыю дамоўна-данінных адносін.1 (ст.156)
(Апошняя рэдакцыя: 16.07.2009)
|
|
Дрыгавічы і Тураўская зямля
1052 - 1078 гг.
- княжанне Ізяслава Яраслававіча ў Тураве
|
 |
Гарадзішча ля р. Менкі, якое папярэднічала ўзнікненню ўмацаванага замчышча на Нямізе. Магчыма тут у 10-11 ст. быў першапачатковы Менск.2 (ст.159)
Летапісы не ўтрымліваюць звестак аб першых 16 гадах княжання Усяслава Брачыслававіча. Між тым, існуе меркаванне, што акрамя унутраных спраў і дачыненняў з балцкімі поямёнамі, полацкі князь актыўна займаўся замацаваннем сваёй улады на паўночнай частцы дрыгавіцкіх земляў.6 (ст.6)
Дрыгавічы належалі да ліку найбольш развітых усходнеславянскіх плямён, якія мелі сваё уласнае племянное "княжанне" яшчэ да стварэння агульнай старажытнарускай дзяржавы з цэнтрам у Кіеве. Тураўскае княства, што сфарміравалася на землях дрыгавічаў, было спадкаемцам яго тэрыторыі. Аднак не ўсе землі дрыгавічаў увайшлі ў склад Тураўскага княства.1 (ст.166)
Як адзначае Л.В. Аляксееў, у вярхоўях рэк Пціч, Свіслач знаходзілася малое племя паўночных дрыгавічаў, якое перасялілася сюды з поўдня, верагодна, падчас арганізацыі паўднёварускімі князямі Турава-Пінскіх зямель. Гэта была так званая "свіслацкая" тысяча са сваім цэнтрам на р. Менцы, у вярхоўях р. Пціч, якая была аддзеляна ад "слуцкай тысячы" дрыгавічаў зонаю лясоў6 (ст.6) і якая мела свой племянны цэнтр на р. Менцы - старажытны Менск,5 (ст.6) які пасля будзе перанесены Усяславам на новае месца.
Час далучэння паўночных дрыгавічаў да Полацкага княства з'яўляецца спрэчным пытаннем. Існуе меркаванне аб распаўсюджанні даніны на паўночных дрыгавічаў ужо ў канцы X ст. Іншыя лічаць, што гэтыя землі былі спрэчнымі паміж Тураўскім і Полацкім княствамі да часу княжання Усяслава Чарадзея. Паводле яшчэ адной версіі, Менская воласць трапляе пад уладу Полацка у часы княжання Брачыслава Ізяслававіча.1 (ст.155)
Напярэдадні смерці кіеўскага князя Яраслава, якая наступіла ў 1054 г., кіраванне Тураўскім княствам было ім перададзена яго сыну Ізяславу, які ў 1054 г. стаў кіеўскім князем. Знаходзячыся на кіеўскім вялікадзяржаўным прастоле, Ізяслаў працягваў заставацца князем тураўскім, аднак яго дзейнасць як тураўскага князя не знайшла адлюстравання ў летапісах, што тлумачыцца вірлівым палітычным жыццём ў Кіеве, якое паглынула ўвагу Ізяслава і летапісцаў. Мяркуецца, што абароненае аўтарытэтам і ваеннай сілай вялікага князя Ізяслава, Тураўскае княства знаходзілася ў зоне адносна спакойнага жыцця.1 (ст.173)
(Апошняя рэдакцыя: 18.07.2009)
|
|
Узвышэнне Полацка
1055 - 1060 гг.
- будаўніцтва Сафійскага сабора ў Полацку
1063 - 1066 гг.
- будаўніцтва Усяславам Брачыслававічам крэпасці Менск
|
 |
Камень-вапняк з надпісам "давыд тума микула копесь петр воришко писал". З паўднёвай часткі падмурка Сафійскага сабора. XI ст. (Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора. Полацк) Фота: Р. Маісей
Першае дзесяцігоддзе пасля смерці кіеўскага князя Яраслава Мудрага і княжання ў Кіеве яго сына Ізяслава, які пры гэтым заставаўся і тураўскім князем, не прынесла для Полацка змен ў дачыненні з Кіевам. Палітычная стабільначць Полацкага княства ў гэты час абумовіла тэрытарыяльны рост самога Полацка. К сярэдзіне XI ст. адбыўся перанос дзядзінца Полацка з гарадзішча на р. Палаце да Верхняга замка (узвышша), якое змешчана ў сутоцы Заходняй Дзвіны і Палаты. Згодна з высновай некаторых даследчыкаў (С. Тарасаў), распаўсюджанне на Верхні замак функцый дзядзінца як цэнтра горада адбылося не раней 50-х гадоў XI ст. 1 (ст.157)
Прыкладна ў гэты час пачалося і будаўніцтва Сафійскага сабора, як адлюстраванне моцы дзяржавы і незалежнасці Полацкага княства.1 (ст.157) Пры гэтым даследчыкамі падкрэсліваецца непасрэднасць кантактаў Полацка з Канстанцінопалем, з якога ажыццяўлялася дапамога ў будаўніцтве Сафійскага сабора.6 (ст.8) У пачатку ці ў сярэдзіне 1050-х гг., як лічаць гісторыкі, адбыўся першы шлюб Усяслава.6 (ст.7)
На падтрымліванне мірных стасункаў з Кіевам быў накіраваны і ўдзел Усяслава ў сумесным паходзе Ізяслава, Усевалада і Святаслава Яраславічаў на торкаў. Умовы, на якіх полацкі князь згадзіўся выступіць у паходзе, застаюцца невядомымі. Па меркаванню некаторых (М. Ермаловіч), вынікам гэтага паходу была перадача Усяславу паўднёварускімі князямі Копысі і Оршы, якія належалі Смаленскаму княству. Асноўным аргументам на карысць гэтага з'яўляецца тое, што ў 1116 г. Орша і Копысь былі адваяваны паўднёварускай кааліцыяй у Менскага княства, якое ў другой палове XI ст. уваходзіла ў склад Полацкай зямлі. У гэты час, верагодна, Орша і Копысь з'яўляліся неўмацаванымі насельнымі пунктамі, якія займалі стратэгічнае палажэнне на дняпры. Між тым, звестак аб уключэнні гэтых паселішчаў у склад Полацка летапісы не ўтрымліваюць.1 (ст.157)
Існуе меркаванне (Л. Алексееў), што пад час паходу адбыўся раскол у дачыненнях Усяслава і Яраславічаў і полацкі князь вярнуўся з паходу іх заклятым ворагам. Згодна з гэтым жа меркаваннем, наступствам гэтага расколу былі дзеянні Усяслава накіраваныя на далейшае замацаванне сваёй улады на землях паўночных дрыгавічаў, а менавіта - будаўніцтва на паўднёвай мяжы на р. Свіслачы магутнай крэпасці Менск.6 (ст.6) Як паказваюць археалагічныя даследванні, да сярэдзіны XI ст. жыццё на гарадзішчы на р. Менцы спынілася. У 1063-1066 гг. на адлегласці 16 км на паўночна-усходнім напрамку Усяслаў распачынае будаўніцтва непараўнальную па велечыне крэпасць, якая ўзяло назву цэнтра паўночных дрыгавічаў, і ў якую у хуткім часе было пераселена ўсе насельніцтва старажытнага Менску.5 (ст.69)
(Апошняя рэдакцыя: 19.07.2009)
|
|
Перыяд канфрантацыі
1066 г.
- паход Усяслава Брачыславіча на Пскоў
1066 г.
- захоп Усяславам Брачыславічам Ноўгарада
1067 г.
- першыя летапісныя звесткі пра Менск
1067 г.
- бітва на Нямізе
|
 |
Бітва на р. Нямізе 3 сакавіка 1067 г. паміж войскамі Усяслава Чарадзея і кааліцыі паўднёварускіх князёў. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу.
Паваротным у палітычнай гісторыі Полацкага княства стаў 1065 г., у які Усяслаў арганізаваў ваенны паход на Пскоў. Гэта азначала пераход Полацкага княства ад мірнага суіснавання з суседзямі да ваенных адносін.1 (ст.157)
Пераход Полацка да агрэсіўнай палітыкі мае розныя тлумачэнні. Па меркаванню адных (С. Тарасаў), дзеянні Усяслава былі накіраваны на заступніцтва сваіх пляменнікаў, якія былі абдзелены Яраславічамі пры вырашэнні пытання аб спадчыннасці Смаленска. На думку іншых (Ю. Заяц), Усяслаў дзейнічаў у інтарэсах полацкага купецтва і баярства, якое жадала атрымаць уладанні на Дняпры. Вергодна усёж, што дзяянні Полацка мелі пад сабой эканамічны інтарэс і былі найбольш простым спосабам барацьбы Полацка супраць сваіх паўночнаеўрапейскіх гандлёвых канкурэнтаў - Пскова і Ноўгарада, якія ў другой палове XI ст. з'яўляліся самымі актыўнымі ўдзельнікамі гандлю з Заходняй Еўропай, у якім рэзка ўзрасла роль Заходняй Дзвіны (80% ад колькасці ўсіх дынарыяў, знойдзеных на тэрыторыі Ніжняга Падзвіння выпадае на гэты перыяд). Каб павялічыць гандлёвы паток па Заходняй Дзвіне, палачане паспрабавалі змагацца з канкурэнтамі шляхам рабавання іх маёмасці.1 (ст.157-158)
Удар па Пскову быў нанесены ў той час, калі ўся увага Яраславічаў была звернута на паўднёвыя справы, а менавіта - барацьбой з князем Расціславам у Тмутаракані. Між тым аблога Пскова не мела поспеху. Горад, нават з дапамогай парокаў (абложных машын - "перси билъ порокы")3 (ст.42), ўзяць не удалося і палачане былі вымушаны вярнуцца назад. Пад 1065 г. у летапісе (Хроніка Быхаўца) таксама гаворыцца аб выступленні літоўскіх князёў супраць Полацка: "...пайшлі на Русь пад Браслаў і пад Полацак, і багата шкоды ўчынілі...", але магчымасць гэтага, якая не дазволіла б Полацку планаванне далёкіх паходаў, уяўляецца даследчыкамі малаверагоднай.1 (ст.158)
Адсутнасць супрацьдзеянняў з боку паўднёварускіх князёў схіліла Усяслава да ваеннай выправы на Ноўгарад у 1066 г. Паведамленне Наўгародскага першага летапісу аб паражэнні наўгародскага князя Мсціслава Ізяслававіча на р. Чарэсе і ўцёках яго ў Кіеў гісторыкамі звязваецца менавіта з перамогай Усяслава над наўгародскім войскам. Горад застаўся без абароны і ўлады і быў заняты Усяславам. Як падае той самы летапіс, захоплены Ноўгарад быў разрабаваны, у палон былі ўзяты жанчыны і дзеці, а з Сафійскага сабора былі зняты званы і панікадзілы. Са слоў пскоўскіх летапісцаў, палачане ў дадатак яшчэ падпалілі горад, аб чым сведчаць таксама і археалагічныя даследванні на тэрыторыі Ноўгарада.1 (ст.158)
У адказ кааліцыя паўднёварускіх князёў, у склад якой увайшлі кіеўскі князь Ізяслаў Яраславіч, чарнігаўскі князь Святаслаў Яраславіч, пераяслаўскі князь Усевалад Яраславіч, пачала рыхтаваць паход на Полацк, правядзенню якога спрыяла і заўчасная смерць Расціслава. У лютым 1067 г. войскі Яраславічаў рушылі да межаў Полацкага княства і напалі на Менск. Па меркаванню гісторыкаў (Л. Алексееў), звесткі аб падрыхтаваным паходзе Яраславічаў дайшлі да Усяслава са спазненнем, таму Менск абараняўся без дапамогі з боку Полацка. У выніку горад быў узяты прыступам, разрабаваны і знішчаны.1 (ст.159)
Пасля здабычы Менска войскі кааліцыі выйшлі да р. Нямігі, дзе і сустрэліся з войскам Усяслава. 3 сакавіка 1067 г. паміж імі адбылася жорсткая бітва: "И бяше снегъ великъ, и поидоша противу собе, и бысть сеча зла, и мнози подоша, и одолеша Изяславъ, Святославъ, Всеволодъ; Всеславъ же бежа" (Лаўрэнцеўскі летапіс). Цяжкія страты панеслі абодва бакі, але мацнейшы бок не здолеў замацаваць свой тактычны поспех і развіць яго ў агульную перамогу ў вайне.3 (ст.44)
Той факт, што полацкае войска здолела супрацьстаяць аб'яднаным войскам трох княстваў, дало гісторыкам падставу меркаваць, што ў бітве з боку палачан прымалі ўдзел не толькі прафісійныя ваяры - дружына князя, але і апалчэнне, якое складалася з вольных сялян і гараджан.1 (ст.159)
Аб падзеях, якія разгарнуліся на працягу чатырох месяцаў пасля бітвы на Нямізе і да ліпеня 1067 г. летапісы не ўтрымліваюць звестак. Дапускаецца, што войскі Яраславічаў маглі на нязначную адлегласць паглыбіцца на іэрыторыю Полацкага княства, але малаверагодна, што яны там маглі застацца на доўгі час. Паводле адной з абгрунтаваных гіпотэз, у гэты перыяд Усяслаў паспеў зрабіць ваенны паход у левабярэжныя землі Кіеўскай Русі, у Чарнігаўскае або Пераяслаўскае княствы, але хутчэй за ўсё Усяслаў не меў магчымасці ўзнаўлення вайсковых сілаў за кошт апалчэння простага люду, які вясной і летам быў заняты працай.1 (ст.160)
(Апошняя рэдакцыя: 20.07.2009)
|
|
Страта і аднаўленне незалежнасці
1067 г.
- першыя летапісныя звесткі пра Оршу
1068 - 1069 гг.
- княжанне Усяслава Брачыслававіча ў Кіеве
|
 |
Фібулы і бранзалеты XI ст. з крывіцкага курганнага могільніка Ізбішча (Лагойскі р-н).
Пад 10 ліпеня ( 10 чэрвяня) 1067 г. летапісы паведамляюць, што Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад выклікалі Усяслава на перамовы, гарантуючы яму бяспеку прысягай на крыжы. Сустрэча была прызначаная ля Смаленску на Ршы.3 (ст.44) Усяслаў перасёк Днепр з двумя сынамі (хутчэй за ўсё Давід і Барыс (ці Глеб?6 (ст.7)). Прысутнасць на перамовах сыноў Усяслава сведчыць аб тым, што там маглі закранацца і тэрытарыяльныя пытанні, вырашэнне якіх на карысць Полацкага княства і падштурхнула Усяслава да ўдзелу ў перамовах. Аднак, як сведчаць летапісцы, як толькі Усяслаў пераплыў Днепр, ён быў схоплены і разам з сынамі пасаджаны ў вязніцу - паруб - у Кіеве.1 (ст.160)
Гвалтоўны захоп Усяслава, як адзначаецца гісторыкамі, сведчыць аб тым, што Яраславічы не жадалі весці працяглую вайну з Полацкам, галоўным чынам таму, што ў 60-я гг. актывізаваліся напады полаўцаў на паўднёвыя абшары Кіеўскай дзяржавы. Магчыма, адразу на княжання ў Полацк быў пасаджпны сын Ізяслава Мсціслаў, або першапачаткова туды быў накіраваны часовы пасаднік кіеўскага князя.1 (ст.160-161).
Паражэнне войскаў Яраславичаў ад полаўцаў на р. Альцы стала прычынай паўстання гараджан ў Кіеве якія патрабавалі ад Ізяслава абароны горада. Не атрымаўшы ад Ізяслава коней і зброю для абароны ад полаўцаў, кіяўляне 15 верасня 1068 г. вызвалілі Усяслава з сынамі з паруба і абвясцілі сваім князем.1 (ст.161). Ізяслаў збег у Польшчу. Верагодна, Усяслаў, будучы грозным праціўнікам Кіева, меў у кіеўлян рэпутацыю добрага палкаводца.3 (ст.45).
Сціплыя звесткі "Слова пра паход Ігаравы" аб княжанні Усяслава ў Кіеве, дазваляюць мяркаваць, што ён пераняў функцыі кіравання судовым працэсам і абарону яго, таксама як і гандаль ад злоўжывання з боку цівуноў (княскіх і баярскіх чыноўнікаў). Акрамя таго, шляхам новых тэратыярыяльных падараванняў, Усяслаў, верагодна, імкнуўся знайсці сабе паплечнікаў у асяродку князёў. Магчымасць наведвання Усяславам Тмутаракані, аб якой таксама гаворыцца ў "Слове...", падаецца гісторыкам малаверагоднай.1 (ст.161-162).
У 1069 г. Ізяслаў з дружынай польскага караля Баляслава рушыў на Кіеў. Сабранае жыхарамі Кіева войска, якое узначаліў Усяслаў, падышло пад Белгарад. Але ўсведамляючы безнадзейнасць барацьбы за чужы стол і, верагодна, відавочная колькасная перавага войска Баляслава і Ізяслава, вымусілі Усяслава уцячы ноччу, не дачакаўшыся бітвы, у Полацк.1 (ст.162). Застаўшыся без правадыра, кіеўляне папрасілі заступніцтва Святаслава і Усевалада перад Ізяславам. На просьбу братоў Ізяслаў адпусціў большую частку палякаў дадому, а сам рушыў з Баляславам і невялікім польскім атрадам, адправіўшы наперад сябе сына Мсціслава, які ўчыніў над кіеўлянамі жорсткую расправу3 (ст.45), не гледзячы на спробу заступніцтва іх з боку Святаслава.1 (ст.164)
Затым Ізяслаў выгнаў Усяслава з Полацка і пасадзіў на яго месца Мсціслава. Неўзабаве Мсціслаў памёр, а яго месца заняў іншы Ізяслававіч - Святаполк.3 (ст.45).
У 1069 г. Усяслаў набраў войска з асяродку фінскага племені "водзь" і выступіў супраць Ноўгарада. Стымулам выступлення водзі супраць Ноўгарада было іх цяжкае эканамічнае становішча - вынік абкладанне данінай з боку Ноўгарада. Хутка сабранае войска было разгромлена на р. Гзені наўгародцамі на чале з Глебам Святаславічам. Усяслаў трапіў у палон, але быў адпушчаны. Вызваленне Усяслава магло адбыцца, як лічаць даследчыкі, узамен на ўзяты Усяславам абавязак больш ніколі не нападаць на Ноўгарад. Ва умовах паступовага нарастання наўгародска-кіеўскіх супярэчнасцей дзейнасць Усяслава ў паўднёвым і ўсходнім накірунках была для Ноўгарада больш выгаднай, чым ўтрыманне Усяслава ў вязніцы.1 (ст.162).
З 1069 па 1071 гг. звестак аб дзейнасці Усяслава крыніцы не ўтрымліваюць. Малаверагоднай лічыцца магчымасць княжання ў гэты перыяд Усяслава ў Тмутаракані, што ўскладняла б яму весці барацьбу за вяртанне Полацкага княства.1 (ст.163).
У 1071 г. Усяслаў з'явіўся пад Полацкам і выгнаў Святаполка з горада. Адкрытым застаецца пытанне аб тым, з дапамогай каго Усяславу ўдалося вярнуць Полацкае княства. Найбольш верагоднай лічыцца аказанне дапамогі з боку тых слаёў полацкага грамадства, для якіх незалежная ад Кіева эканамічная палітыка княства прыносіла непасрэдны прыбытак, а менавіта гандляры і буйныя феадалы, якія былі ўключаны ў знешнеэканамічныя адносіны.1 (ст.163).
Кіеўскі князь Ізяслаў паспрабаваў зноў пазбавіць Усяслава ўлады, накіраваўшы супраць яго свайго сына Яраполка, які ў бітве пад Галацічанску (лакалізацыя якога не выяўлена) нанёс паражэнне полацкаму войску. Але паколькі ваенныя сілы Яраславічаў былі адцягнутыя даля стрымлівання наступу полаўцаў на поўдні, а таксама для барацьбы з разгорнутым рухам прыхільнікаў паганства на поўначы, аб'яднаць сілы кааліцыі для далейшай барацьбы з Усяславам не ўдалося і той застаўся княжыць у Полацку.1 (ст.163-164).
(Апошняя рэдакцыя: 20.07.2009)
|
|
Працяг канфрантацыі з Кіевам
1077 г.
- паход Усевалада і Уладзіміра на Полацк
1078 г.
- напад Усяслава Брачыславіча на Смаленск
1078 г.
- першыя звесткі пра Лагойск і Лукомль
1078 - 1086 гг.
- княжанне Яраполка Ізяслававіча ў Тураве
1084 (1085) г.
- напад Уладзіміра Манамаха на Менск
|
 |
Гарадзішча Лукомль (Чашніцкі р-н) - крэпасць крывічаў з IX ст. Фота Л. Алексеева. 1950-я гг.
Пасля 1071 г. Полацкае княства уступіла ў перыяд мірнага жыцця. Кіеўскае княства, насупраць, перажывала неспакойныя часы у сувязі з чарговым нападам на Русь полаўцаў, якія заваявалі землі ад Растоўца да Яціна, а таксама з прычыны хваляванняў прыхільнікаў паганства. Каб даць новы імпэт хрысціянству, Яраславічы ў 1072 г. разам урачыста ўшанавалі памяць святых Барыса і Глеба і перанеслі іх мошчы ў новую царкву.3 (ст.47)
Між тым абвастрыліся адносіны паміж самімі Яраславічамі. У 1073 г. Святаслаў намовіў Усевалада выступіць разам супраць Ізяслава, абвінаваціўшы кіеўскага князя ў змове з Усяславам Чарадзеем супраць іх. Як лічаць гісторыкі, верагоднасць саюзу паміж Ізяславам і Усяславам выключаць нельга, але умовы яго застаюцца невядомымі. Ва ўсялякім разе, Усяславу было б выгадна трымаць небяспечныя для Полацка сілы ў расколатым стане, чаму магло спрыяць яго падтрымка Ізяслава.3 (ст.47) Існуе думка (Ю. Заяц), што ініцыятарам змовы супраць Ізяслава з'явіўся не Святаслаў, а Усевалад, улічваючы далейшыя адносіны кожнага з Яраславічаў з Полацкам.1 (ст.164) У выніку Святаслаў і Усевалад уступілі ў Кіеў, Ізяслаў быў выгнаны і быў вымушаны зноў шукаць прытулак у Польшчы.3 (ст.47)
Кіеўскім князем стаў Святаслаў. Ад пачатку яго княжання ў 1073 г. да яго смерці ў 1076 г. летапісы не згадваюць ніводнага выпадку, каб паміж Святаславам і яго сынамі, з аднога боку, і Усяславам Чарадзеем - з другога, вяліся якія-небудзь ваенныя дзеянні. Пасля смерці Святаслава ўладарыць у Кіеве стаў Усевалад, дачыненні якога з Усяславам набылі іншы характар.1 (ст.164)
З "Павучэнняў" Уладзіміра Манамаха вядома, што ў канцы 70-х - пачатку 89-х гг. абвастраюцца адносіны паміж Усяславам Чарадзеям, з аднаго боку, і Усеваладам і яго сынам Уладзімірам (пазней Уладзімір Манамах), які ў той час быў смаленскім князем, з другога. Як вынікае з крыніцы, летам 1077 г. Усевалад і Уладзімір арганізавалі паход на Полацк, прычынай якога, як лічыцца, было спроба падпарадкавання Полацкам усяго Верхняга Падняпроўя. Магчыма, гэтым часам трэба датаваць часовае ўключэнне у склад Полацкага княства Оршы і Копысі, якія ў гэтай барацьбе набывалі значэнне "ўсходняй брамы" на мяжы Полацкага княства. Замоўчванне вынікаў паходу Усевалада і Уладзіміра ўказвае на тое, што Полацк не быў захоплены. Зімой гэтага ж года Уладзімір разам з Святаславам і полаўцамі зноў напалі на Полацк. Але падпаліўшы ваколіцы Полацка, Уладзімір з полаўцамі пайшоў на Одрск (лакалізацыя не высветлена), ад якога накіраваўся да Чарнігава.1 (ст.164-165)
У 1078 г., даведаўшыся, што Ізяслаў зноў з палякамі ідзе на Кіеў, Усевалад быў вымушаны саступіць месца брату. У дадатак, разгорнутая Усеваладам вайна з пляменнікамі - Алегам Святаславічам і Барысам Вячаславічам, якія былі вымушаны уцячы на поўдзень, складвалася для першага не лепшым чынам. Між тым, небяспека з боку Полацка, верагодна, вымушала Уладзіміра трымаць войскі ў Смаленску і не давала яму магчымасці падтрымаць свайго бацьку. Пасля разгрому Усевалада на Сожыцы, Алег і Барыс занялі Чарнігаў. Нарэшце увосень, калі Уладзімір вырашыў ісці да Чарнігава, Усяслаў Чарадзей напаў на Смаленск і спаліў яго. Уладзімір спрабаваў дагнаць Усяслава, для хуткасці нават мяняючы каней ("о двух конях"), але не здолеўшы, у помсту паваяваў полацкія землі да Лукомля і Лагойска і спустошыўшы ваколіцы Друцка. Неўзабаве 3 снежня 1078 г. у бітве на Няжацінай ніве, кіеўскі князь Ізяслаў, які прыйшоў на дапамогу Усеваладу да Чарнігава, загінуў. Усевалад зноў стаў кіеўскім князем, а яго сыну Уладзіміру, у парушэнне законных правоў Святаславічаў, дастаўся Чарнігаў.3 (ст.49-50)
Тураўская зямля. Пасля гібелі Ізяслава Усевалад пакінуў сынам Ізяслава надзелы, якімі валодаў іх бацька. Старэйшы з Ізяславічаў Яраполк атрымаў Уладзіміра-Валынскае княства, прыдаўшы яму Тураўскае, а малдшы Святаполк - Наўгародскае. Такім чынам лёс Тураўскага княства ў гэты час знаходзіўся ў цеснай сувязі з лёсам Валынскага княства.1 (ст.173)
Полацкае княства. Пасля некаторага зацішша, у 1084 (1085) г. Уладзімір паспрабаваў нанесці яшчэ адзін удар па Полацкаму княству і разам з чарнігаўцамі, полаўцамі і чыцеевічамі захапіў і разбурыў Менск. Са слоў самога Манамаха у "Павучэнні", ён не пакінуў у горадзе "... ни чалядины, ни скотины...".3 (ст.50)
(Апошняя рэдакцыя: 21.07.2009)
|
|
Пачатак канца магутнасці
1088 - 1093 (1113) гг.
- княжанне Святаполка Ізяслававіча ў Тураве
1092 г.
- эпідэмія ў Полацку
1097 г.
- першыя летапісныя звесткі пра Пінск
1097 г.
- з'езд князёў у Любечы
|
 |
З'езд князёў "у адзіным шатры". Мастак С.В. Іваноў. З серыі "Карціны па рускай гісторыі" (з выдання І. Кнебеля).8
Полацкае княства. Аб гісторыі Полацкага княства ў перыяд ад 1084 (1085) па 1092 г аніякіх звестак летапісы не ўтрымліваюць. Толькі пад 1092 г. паведамляецца, што ў Полацку мела месца нейкая эпідэмія і ў горадзе памерла шмат жыхароў. Форма, у якой распавядаецца, як "мерцвякі б'юць палачан", сведчыць аб тым, што Полацкае княства асацыіравалася ў кіеўскіх летапісцаў з краем, дзе хрысціянства не мела сталых каранёў.1 (ст.165) Ёсць меркаванне (Л. Алексееў), што на рубяжы 1080-х - 1090-х меў месца і другі шлюб Усяслава Чарадзея.6 (ст.7)
З мэтай замацавання саюзу з нашчадкамі Яраслава і полацкімі князямі, а таксама Мінскай воласці за Полацкай зямлёй, Усяслаў прысватаў свайго сына Глеба да дачкі Яраполка Ізяслававіча - Анастасіі. Такім чынам з канца XI ст. побач з валасцямі, падпарадкаванымі непасрэдна Полацку, існуюць воласці-удзелы, якімі кіруюць старэйшыя сыны Усяслава Чарадзея. 1 (ст.183-184)
Тураўская зямля. З'яўляючыся князем тураўскім і адначасова валынскім, Яраполк Ізяславіч, уступіў у барацьбу за Валынскае княства з мясцовымі князямі. У 1084 г. валынскі князь Васілька Расціславіч, князь церабоўльскі, і яго брат Валадар Расціславіч, князь перамышльскі, выгналі Яраполка, які мусіў уцячы ў Польшчу. На дапамогу Яраполку Усевалад адправіў сына Уладзіміра з дружынай і хутка улада Яраполку Ізяславічу была вернута. Аднак Яраполк у 1085 г. пачынае барацьбу з Усеваладам за вялікакняжацкі стол, разлічваючы на падтрымку польскага караля. Гэтым разам Уладзімір зноў ідзе з дружынай на Валынь і выганяе Яраполка. Усевалад перадае Уладзімірскае і Тураўскае княствы Давыду Ігаравічу. У 1086 (1087) г. Яраполк ненадоўга здолеў вярнуць страчаную ўладу, але праз некалькі дзён - 22 лістапада - пад Звенігарадам яго войска было разбіта, а сам ён загінуў. У сувязі з гэтым, шлюб паміж Глебам Усяславічам і Анастасіяй, як лічаць гісторыкі, мог быць адбыцца да 1086 г.1 (ст.173-174, 184)
Тураўскае разам з Уладзімірскім княствам Усевалад Яраславіч перадае Давыду Ігаравічу. У 1088 г. на княжанне ў Тураў бесперашкодна прыходзіць Святаполк Ізяславіч, дзеля якога ён пакінуў Наўгародскае княства. Відавочна, улічваючы сваё паходжанне ад Ізяслава, старэшага з Яраславічаў, і свае правы на Кіеўскі стол, Святаполк вырашыў быць бліжэй да Кіева і заняць бацькоўскі стол у Тураве.1 (ст.174)
Полацкае княства і Панямонне.Ліквідаваўшы пагрозы з аднога боку, Полаччына перанесла асноўны накірунак сваёй знешняй палітыкі ў Панямонне і Падзвінне. У выніку экспансіі на балцкія землі, найперш на заходзе, дзе ў XI ст. узніклі Лошаск (Лоск) і Гарадзец. На паўночным захадзе ў дадатак да Браслава і Дрысвятаў былі ўзведзены новыя ўмацаваныя пункты ў Дзісне, Мядзеле, Маскавічах і Рацюнах.3 (ст.55,53)
Панямонне і Падзвінне. У Панямонні працягвалася саперніцтва Полацка і Кіева. На працягу другой паловы XI ст. кіеўскім князям удалося дасягнуць на гэтым накірунку пэўных поспехаў. У другой палове - канцы XI ст. узнікае паселішча на Замкавай гары ў Гародні, якое мае выразна ваенны характар. Гэтак жа сама ў канцы XI ст. у якасці памежнай крэпасці ўзнікае ўмацаванае паселішча Турыйск (ля в. Турэйск Шчучынскага раёна).3 (ст.53)
Як паведамляе "Аповесць мінулых гадоў", у лік плямён, якія плацілі даніну Полацку уваходзілі плямёны Літвы, Зяміголы (земгалаў), Корсі (куршаў), Нарамы (нярыс?) і фіна-угорскае племя Лібі (ліваў). Мяркуецца (Т. Баранаўскас), што гэты спіс быў складзены прыкладна паміж 1096 і 1103 гг. археалагічныя даследванні падзвінскага гарадзішча Кукенойс з'яўляюцца доказам яго цесных сувязяў з Полацкам, а таксама падпарадкавання племені латгалаў. Як ужо адзачалася, верагодна ў XI ст. узнікае падуладны Полацку падзвінскі горад Герцыке.3 (ст.53-54)
Полацкае княства і Тураўская зямля. У 1093 г. 13 красавіка памёр Усевалад Яраславіч. Уладзімір, не маючы сіл вытрымаць барацьбу, прапанаваў кіеўскі стол Святаполку, прызнаючы яго пераважныя правы. У 1097 г. па ініцыятыве Святаполка і Уладзіміра аббыўся знакаміты з'езд у Любечы, на якім, згодна з пастановаю з'езда, Святаполк "...яко князь тураўскі" атрымліваў вялізарную тэрыторыю "... об оне стороне Припети с городами Туровом, Пинском, Берестьем и Погорынью", а як вялікі князь кіеўскі - Кіеўскае княства і Наўгародскую зямлю да яго.1 (ст.174) Полацкі ж князь Усяслаў у з'ездзе ўдзелу не прымаў, паколькі з'яўляўся незалежным правіцелем свайго княства.1 (ст.176)
На Любецкім з'ездзе было было вырашана, каб кожны з князёў "держал свою отчину" і не прэтэндаваў на ўладанні іншых князёў. З гэтага часу Руская зямля больш не лічылася адзіным уладаннем усяго княжацкага дому Рурыкавічаў, а была сукупнасцю асобных "отчин", спадчынных уладанняў розных галін княжацкага дому. Такім чынам, на з'ездзе было юрыдычна замацавана раздрабленне старажытнарускай дзяржавы Рурыкавічаў і ён стаў паваротным пунктам у гісторыі ўсходніх славян.1 (ст.175)
Дзейнасць Святаполка як князя Тураўскага засталася ў цені яго кіеўскіх спраў, якія добра асветлены ў летапісах. Вядома толькі, што ў Кіеў ён прывёз с сабою сваю тураўскую дружыну, "маладую", "новую".1 (ст.174)
Перыяд полацкай гісторыі, спалучаны з дзейнасцю Усяслава Чарадзея, скончыўся ў 1101 г., пад якім у летапісе (Аповесць мінулых часоў) сказана, што "... преставися Всеслав, полоцкий князь, месяца априля въ 14 день, в 9 часъ дне, в среду".1 (ст.165)
(Апошняя рэдакцыя: 17.08.2009)
|
|
Літаратура
- В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП "Экаперспектыва", 2000.
- Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск: "Беларуская энцыклапедыя" імя Патруся Броўкі, 1993.
- Ягор Новікаў. Ваенная гісторыя беларускіх земляў да канца XII стагоддзя (том 2). Мінск: выд. "І. П. Логвінаў", 2008.
- Вялікі гістарычны атлас Беларусі (у 3-х тамах). Том 1. Мінск, "Белкараграфія", 2009.
- Л.В. Алексеев. Западные земли домонгольской Руси. Очерки истории, археологии, культуры. Книга 1. Москва: "Наука", 2006.
- Л.В. Алексеев. Западные земли домонгольской Руси. Очерки истории, археологии, культуры. Книга 2. Москва: "Наука", 2006.
- Л.В. Алексеев. Полоцкая земля. Наследие полоцкой земли. Выпуск 5. Полоцк, издатель А.И. Судник, 2007.
- Георгій Штыхаў. "Каждо да держитъ отчизну свою". Беларуская мінуўшчына. Нумар 6 (28). 1997.
Матэр'ялы ў Інтэрнэце
- В. Насевіч. Усё пачыналася з Русі.
- Радзівілаўскі летапіс. Тэкст
- Повесть временных лет. Оригинальный текст
- Повесть временных лет в переводе Д. С. Лихачёва
- Усяслаў Брачыславіч. Матэр'ял з Вікіпедыі
- Усяслаў Чарадзей. Матэр'ял з Вікіпедыі
- Всеслав Брячиславич. Материал из Википедии — свободной энциклопедии
- Изяслав Ярославич (князь киевский). Материал из Википедии — свободной энциклопедии
- Ярополк Изяславич. Материал из Википедии — свободной энциклопедии
- Сьвятаполк ІІ Тураўскі. Матэр'ял з Вікіпедыі
- Святополк Изяславич. Материал из Википедии — свободной энциклопедии
|
|