 |
|
|
Пачатак рассялення славян
кан. V - 1-я пал. VI стст.
- Пачатак рассялення славян ва Усходняй Еўропе
|
|
Наканечнік кап'я. V-VII стст. (Абласны краязнаўчы музей. Магілёў) Фота з сайту memorial.iatp.by
Лічыцца, што аддзяленне славянскага этнасу ад індаеўрапейскай супольнасці адбылося каля V ст.a З пашырэннем у 2-й чвэрці V ст. улады гунаў да сярэдняга Падунаўя продкі славян пачалі шырокае рассяленне. Першапачатковае месца лакалізацыі славянскай культуры не высветлена і адной з верагодных версій аб вытоках славян лічыцца іх сувязь з кіеўскай культурай і з венетамі. З перасяленнем астраготаў з Прычарнамор'я на Сярэдні Дунай працэс славянскага перасялення набыў асаблівы размах. У пакінутым абшары чарняхоўскай культуры на мяжы V-VI стст. праз кароткі час пачалі ўтварацца новыя, блізкія між сабой пражская і пьянькоўская культура, насельніцтва якіх з візантыйскіх пісьмовых крыніц было вядома як склавены, якія ўяўлялі сабой заходнюю групу славян, і анты - усходнія славяне.4 (ст.37)Лічыцца, што у гэты час яны займалі тэрыторыю Прыкарпацця, вярхоўяў Днястра і правабярэжжа сярэдняга Падняпроўя.a
З V ст. большую частку тэрыторыі Цэнтральнай Беларусі паміж Верхнім Панямоннем і Беразіной, а таксама беларускае Падзвінне займалі плямёны банцараўскай культуры. На ўсходзе суседзямі банцараўскіх плямён было насельніцтва тушамлінскай культуры, якое жыло у верхнім цячэнні Дняпра. Тэрыторыі на паўднёвы захад ад тушамлінскай культуры былі занятыя плямёнамі калочынскай культуры.3 (ст.35) Падабенства гэтых трох культур паказвае, што ў гэты перыяд на тэрыторыі Беларусі адбывалася уніфікацыя культур жалезнага веку, межы распаўсюджання якіх былі максімальнна блізкія да пазнейшых этнаграфічных межаў рассялення беларусаў.6 (ст.16) На тэрыторыі ўсходняй і паўднёва-усходняй Літвы і паўночна-заходняй Беларусі (ад сярэдняга цячэння Нёмана на захадзе да воз. Свір на ўсходзе) развівалася балцкая культура ўсходнелітоўскіх курганаў.2 (ст.627)
Этнічная прыналежнасць банцараўскай, тушамлінскай і калочынскай культур застаецца канчаткова не высветленным. Прысутнасць як балцкіх так і славянскіх помнікаў у межах культур дае падставу адным даследчыкам лічаць іх балцкімі, другім - славянскімі. Існуе таксама версія аб першапачатковай прыналежнасці ўсіх трох культур да балтаў, якія ў ходзе маруднага перасялення славянскіх плямёнаў пераймалі славянскія традыцыі і часткова асіміліраваліся находнікамі. У выніку чаго "мясцовыя культуры набылі заўважны двуэтнічны характар з перавагай балцкіх элементаў у банцараўскай і тушамлінскай культурах і выразным славянскім уплывам у культуры калочынскай".3 (ст.36)
Візантыйскія пісьмовыя крыніцы сведчаць, што ў славян на пачатку іх рассялення яшчэ захоўваўся радавы лад жыцця і што ў іх існавала рабства і гандаль рабамі.1 (ст.132) На чале роду стаяў старэйшына - самы стары і паважаны прадстаўнік роду.1 (ст.135)
(Апошняя рэдакцыя: 16.09.2009)
|
|
1-я хваля рассялення славян
2-я пал. VI - сяр. VII стст.
- 1-я хваля рассялення славян на тэрыторыі Беларусі
|
|
Пальчатыя фібулы (зашпількі) з гарадзішча Нікадзімава (Горацкі р-н). V-VIII стст. (Абласны краязнаўчы музей. Магілёў) Фота з сайту memorial.iatp.by
У VI ст. на прасторах Усходняй Еўропы заступілі авары, якія ў сярэдзіне VI ст. перасяліліся на сярэдні Дунай, адкуль яны падпарадкавалі частку балгараў і славян, якіх выкарыстоўвалі ў сваіх войнах з Візантыяй. У гэты час тэрыторыя рассялення славян працягвала павялічвацца "дзякуючы наяўнасці вялікіх незаселеных абшараў у Цэнтральнай Еўропе, адкуль папярэдняе германскае насельніцтва перасялілася ў барбарскія каралеўствы на тэрыторыі былой Заходняй Рымскай Імперыі".4 (ст.37) У заходнім напрамку славяне мігравалі да Віслы і Эльбы.a Вядома нават, што ў 623 г. на заходняй перыферыі Аварскага каганата была створана протадзяржава, якой амаль адзінымі насельнікамі былі славяне.4 (ст.37) Частка славян рушыла на ўсход і дайшла да вярхоўяў Дняпра, а пасля да Дона, Акі і Ладажскага возера.1 (ст.132)
Пранікненне на землі ўсходніх балтаў на тэрыторыі Беларусі адбывалася з розных напрамкаў, з якіх найважнейшы быў паўднёвы. Найстаражытнейшыя бясспрэчныя славянскія помнікі на беларускіх землях былі знойдзены на поўдзень ад Прыпяці і належалі да пражскай культуры. У цэнтры, на ўсходзе і поўначы Беларусі славяне прынялі ўдзел у фарміраванні і развіцці банцараўскай, тушамлінскай і калочынскай культур. Адбывалася пранікненне славян і ў беларускае Пабужжа. Працэс рассялення славян на поўначы Беларусі быў звязаны з культурай доўгіх курганоў у Беларускім Падзвінні. Перасяленне славян ў глыб заселяных балтамі земляў на першым этапе насіла збольшага мірны характар.3 (ст.37-39)
Беларускае Панямонне засталася незакранутым на гэтым этапе славянскай міграцыі. Левабярэжжа Нёмана засялялі балцкія плямёны культуры каменных курганаў, а на правабярэжжа і ў верхнім цячэнні Віліі была распаўсюджана культура усходнелітоўскіх курганаў.3 (ст.37-38)
Паступова ў славян адбываўся працэс разлажэння радавых адносін. Паводле візантыйскіх пісьмовых крыніц у славян у VI - VII стст. вызначаліся тры сацыяльныя групы. Першая - група свабодных і раўнапраўных абшчыннікаў, якія складалі выключную большасць родаплемянных славянскіх аб'яднанняў. Другая - рабы, і трэцяя - кіруючая вярхушка - племянная славянская знаць. Існавалі як малыя сем'і, так і вялікія - патраніміі.1 (ст.133)
(Апошняя рэдакцыя: 11.03.2009)
|
|
2-я хваля рассялення славян
Кан. VII - пач. IX стст.
- 2-я хваля рассялення славян на тэрыторыі Беларусі
|
|
Грыўня шыйная балцкага тыпу і пярсцёнак, знойдзеныя ля в. Гарадок (Маладзечанскі р-н). VII-X стст.2
Працяг вялікіх перасяленняў ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе, патрэба у асваенні новых тэрыторый а таксама ваенная дзейнасць авараў, далі ў канцы VII ст. новы штуршок перасяленню славян у глыбіню балцкіх земляў. Славянская міграцыя на Беларускія землі адбывалася па ранейшых напрамках. У перасяленні брала ўдзел насельніцтва лука-ракавецкай культуры, якая ў VIII ст. змяніла пражскую. Рухаючыся з поўдня на поўнач уверх па цячэнні Беразіны і правабярэжжы Дняпра, а таксама перайшоўшы Прыпяць, прадстаўнікі культуры пачалі засяляць яе левабярэжжа. У левабярэжжы Дняпра ўздоўж басеіна Сажа рухаліся на поўнач прадстаўнікі яшчэ адной славянскай культуры - раменскай.3 (ст.39-40)
У параўнанні з папярэдняй хваляй перасяленняў, у гэты перыяд рух славян на балцкія землі адбываўся з частымі ўзброеннымі сутыкненнямі з-за ворнай зямлі і матэрыяльных каштоўнасцяў. Найбольшы націск славян прыйшоўся на басеін Дняпра, дзе жылі плямёны падняпроўскіх калочынскай і тушамлінскай культур, гарадзішчы якіх, паводле археалагічных дадзеных, загінулі ў полымі ў выніку нападаў чужынцаў, якімі не заўсёды былі славяне. Знаходкі наканечнікаў аварскіх стрэл сведчаць аб актыўным удзеле авараў у выцясненні або падпарадкаванні балцкіх культур. Перасяленне на тэрыторыі занятыя банцараўскімі плямёнамі мела больш мірны характар, хоць таксама не абыходзілася без сутычак. Між тым канфлікты на беларускіх землях у час перасялення славян мелі міжабшчнны, а не этнічны характар, гэта значыць яны узнікалі не паміж славянамі і балтамі, а паміж абшчынамі, незалежна ад іх этнічнай належнасці.3 (ст.39-42)
Захоп новых зямель выклікаў змены ў сацыяльнай структуры славянскіх плямён, што праявілася ў першую чаргу ў памнажэнні багацця ваенна-племянной вярхушкі. У выніку маёмасна-сацыяльнага расслаення фарміруяцца асобная палітычная арганізацыя, органамі кіравання якой з'яўляліся вярхоўны правадыр, савет старэйшын і народны сход, які складаўся з усіх свабодных мужчын, здольных насіць зброю. Такая форма арганізацыі грамадства і яго кіравання атрымала назву "ваеннай дэмакратыі", якая была характэрнай як для славян так і для балтаў і з'яўлялася формай пераходнага перыяду да классавага грамадства і да ўтварэння дзяржавы.1 (ст.134)
(Апошняя рэдакцыя: 11.03.2009)
|
|
Утварэнне племянных саюзаў
VIII - X стст.
- перыяд утварэння племянных аб'яднанняў на тэрыторыі Беларусі
|
 |
Бронзавыя упрыгожанні з гарадзішча ля в. Кісялі (Талачынскі р-н). VI-VII і VIII-XI стст.2
Вынікам шматвякавога як мірнага, так і ваеннага ўзаемадзеяння паміж славянамі і балтамі, паступовага змешвання находнікаў з карэнным насельніцтвам стала утварэнне новых міжплемянных супольнасцяў. Сведчаннем балцка-славянскага сімбіёзу служыць спалучэнне ў адных помніках як балцкіх так і славянскіх рысаў.6 (ст.18) Маючы славянамоўны характар, племянныя аб'яднанні арганічна спалучалі элементы духоўнай і матэрыяльнай культуры славян і балтаў.3 (ст.42) У аснове гэтых аб'яднанняў ляжалі не столькі родаплемянныя, колькі тэратарыяльныя, эканамічныя і палітычныя сувязі. Адзінства мовы, культуры, грамадскай структуры і тэрыторыі дазваляе вызначыць племянныя саюзы як протанароднасці. Разам з тым яны з'яўляліся протадзяржавамі, альбо пачатковымі дзяржавамі, якія ў летапісе называюцца "княжаннямі".1 (ст.136)
Раннясярэднявечныя пісьмовыя крыніцы з ліку ўсходнеславянскіх плямёнаў, якія жылі на тэрыторыі Беларусі, называюць дрыгавічаў, крывічаў і радзімічаў, якія пры агульным усходнеславянскім абліччы мелі шэраг спецэфічных рысаў, з якіх праз тысячагоддзе найбольш паказальнымі з'яўляліся адрозненні ў жаночых упрыгожваннях і пахавальным абрадзе.6 (ст.18)
Крывічы займалі значныя абшары Усходняй Еўропы і жылі ў вярхоўях Дняпра, Заходняй Дзвіны, Волгі і на поўдні Чудскага Возера. У канцы I тыс. гэта вялізнае аб'яднанне распалася на групы - полацкую, смаленскую і пскоўскую.1 (ст.138) Дрыгавічы засялялі землі ад Прыпяці да лініі Заслаўе - Лагойск - Барысаў. На ўсходзе яны былі абмежаваныя дняпром, а на захадзе - Выганаўскімі балотамі. На поўначы Беларускага Палесся дрыгавічы перанялі ўсю культуру балцкага насельніцтва. Радзімічы займалі басейн Сожа да левага берага Дняпра.6 (ст.19)
Каланізацыя Панямоння была распачата з X ст. Разам з плямёнамі крывмчаў і дрыгавічаў туды памкнуліся валыняне і драўляне. Аднак асіміляцыя балтаў у Панямонні ішла вельмі марудна, і гэты рэгіён заставаўся змешанай балта-славянскай зонай яшчэ праз некалькі стагоддзяў.6 (ст.19)
(Апошняя рэдакцыя: 12.03.2009)
|
|
Літаратура
- В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП "Экаперспектыва", 2000.
- Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск: "Беларуская энцыклапедыя" імя Патруся Броўкі, 1993.
- Ягор Новікаў. Ваенная гісторыя беларускіх земляў да канца XII стагоддзя (том 1). Мінск: выд. "І. П. Логвінаў", 2007.
- Вялікі гістарычны атлас Беларусі (у 3-х тамах). Том 1. Мінск, "Белкараграфія", 2009.
- Я.К. Новік, І.Л. Качалаў, Н.Я. Новік. Гісторыя Беларусі. Ад старажытных часоў - па 2008 г. Мінск: "Вышэйшая школа", 2009.
- Генадзь Сагановіч. Нарысы гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. Мінск: "Энцыклапедыкс", 2001.
- Дзяржаўны музей БССР. Альбом. Мінск: "Беларусь", 1986.
Матэр'ялы ў Інтэрнэце
- Древние славяне. Материал из Википедии — свободной энциклопедии.
- Восточные славяне в древности. Проект "Информатизация системы образования"
- Штыхов Г.В. Формирование полоцких кривичей.
- Славянизация белорусских земель. (belhistory.ru).
- Maria Miskiewicz. Jak wedrowali slowianie?
|
|